На выклік у вёску пад Бабруйскам медыкам прыйшлося дабірацца паўзком

Брыгада хуткай дапамогі ў вёсцы пад Бабруйскам / скрыншот відэа​
Брыгада хуткай дапамогі ў вёсцы пад Бабруйскам / скрыншот відэа​

Відэа, як медыкі хуткай дапамогі паўзуць па снезе да дамоў, было апублікавана напярэдадні ў телеграм-канале "Бабруйск Online". Паведамлялася, што кадры знятыя ў вёсцы Міхалова-2 у 12 кіламетрах ад Бабруйска.

З каментароў пад апублікаваным ролікам становіцца ясна, што машына з медыкамі не змагла пераадолець з'езд з трасы. Перайсці яго таксама было немагчыма з-за велізарнага сумёта, які ўтварыўся пасля таго, як спецтэхніка пачысціла трасу і згрузіла снег з дарогі на абочыну.

"Калі ўстаць на ногі, можна было па пояс праваліцца",распавяла парталу TUT.BY мясцовая жыхарка.

У выніку, каб медыкі маглі трапіць на выклік, прыйшлося клікаць ратавальнікаў: супрацоўнікі МНС на насілках неслі медыцынскія прыналежнасці, а работнікі "хуткай" прабіраліся да дома паўзком.

Медыкі ехалі да дзіцяці з тэмпературай. Мама дзіцяці каментаваць сітуацыю адмовілася — сказала толькі, што хуткую ў суботу сапраўды выклікала.

"Лекары прыехалі, і слава богу. Я ніякую інфармацыю даваць не буду", — адзначыла яна.

У Магілёўскай вобласці ў апошнія дні выпала шмат снегу. Абласное ДАІ ўвяло план "Надвор'е" і несла службу ва ўзмоцненым рэжыме.

Падобная сітуацыя з медыкамі была ў гэтыя дні і ў Слуцку — з-за непрыбранага снегу захрасла машына хуткай дапамогі. Машына доўга буксавала, зрушыць яе з месца дапамаглі мінакі.Па словах аўтара відэа, якое з'явілася ў сеткі, камунальныя службы ні разу не прыехалі ў двор, каб ачысціць яго ад снегу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі