На забег Beauty Run у Мінску выйшлі Чаркашына, Хіжанкова, Касянкова
2000 удзельніц сабраў 8 сакавіка мінскі лёгкаатлетычны забег Beauty Run, які прайшоў на праспекце Незалежнасці, пішуць "Мінск-Навіны". На час атлетычнага свята рух транспарту ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі быў перакрыты.
Старт і фініш забегу быў прызначаны на плошчы Незалежнасці. Тыя, хто бег 2 км, разварочваўся назад каля ГУМа. Хто абраў для сябе 5-кіламетровую трасу, разварочваўся на плошчы Перамогі.
У забегу прынялі ўдзел бронзавая прызёрка Алімпіяды-2012 па мастацкай гімнастыцы Любоў Чаркашына, "Міс Беларусь-2008" Вольга Хіжанкова, тэлевядоўца Анастасія Касянкова, іншыя медыйныя асобы. Падтрымаць бягух прыйшлі вядомыя лёгкаатлеткі Марына Арзамасава і Аліна Талай.
Маляўнічасці забегу надавала тое, што арганізатары прапанавалі дзяўчатам прыходзіць у касцюмах. А самым крэатыўным паабяцалі ўзнагароды. Таму сярод бягух былі прынцэсы, нявесты, кошкі, казачныя і мульцяшныя персанажы. Пяць уладальніцаў самых арыгінальных касцюмах атрымалі падарункі.
Перад стартам старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац паведаміў, што летась на такі ж забег выйшлі 700 удзельніц. Ён павіншаваў бягух і пажадаў ім усяго найлепшага.
Пераможцам на дыстанцыі 2 км стала Вікторыя Кушнір (6 хвіл. 46 сек). Другое месца заняла Таццяна Шабанава (6,56), трэцяе — Аліна Саўка (7,14). На дыстанцыі 5 км пераможцай стала Анастасія Іванова (16,28), другое месца заняла Людміла Ляховіч (16,44), трэцяе — Юлія Кароль (17,30). Акрамя прызоў і медалёў пераможцы атрымалі грашовыя прызы.