Нацбанк: У бюджэце сярэдні курс долара 9800 і ніякіх зменаў мы не бачым
Якім будзе курс долара ў канцы года і калі зменшацца стаўкі па крэдытах, Еўрарадыё цікавіцца ў першага намесніка старшыні Нацбанка Тараса Надольнага.
Еўрарадыё: Шмат размоў пра тое, што зараз Нацбанк стрымлівае рост курсу долара, але перастане гэта рабіць адразу па заканчэнні чэмпіяната свету па хакеі…
Тарас Надольны: На самой справе, задачы такой няма. А што змяняе чэмпіянат свету? У нас зацверджаныя падыходы па курсаўтварэнні: свабоднае курсаўтварэнне — попыт і прапанова вызначаюць дынаміку курса. Адзінае што, з улікам тых працэсаў, якія ёсць у нашых краінах–гандлёвых партнёрах — дэвальвацыя расійскага рубля, казахскага тэнге — Нацыянальны банк больш актыўна ўдзельнічае ў “згладжванні” ваганняў курсу беларускага рубля. Каб стварыць нармальнае канкурэнтаздольнае асяроддзе для беларускага экспарту з аднаго боку, а з другога — не дазволіць беларускім прадпрыемствам несці страты. У сувязі з тым, што ў іх вялікая доля абавязальніцтваў па крэдытах — у замежнай валюце. Бо абавязальніцтвы крэдытныя ў валюце будуць таксама пераацэненыя, зыходзячы з дынамікі курса, і могуць выклікаць пэўныя дысбалансы і вымыванне зваротных сродкаў прадпрыемстваў. Таму глядзім у комплексе. Усё, на мой погляд, празрыста і ніяк не звязана з чэмпіянатам свету.
Еўрарадыё: Такім чынам, прагнозы, што пасля 25 траўня долар падскочыць, да прыкладу, да 13 тысяч, беспадстаўныя?
Тарас Надольны: Абсалютна! На мой погляд, такія прагнозы не апраўданыя.
Еўрарадыё: Па сакрэце падкажыце — якім будзе курс долара на канец года?
Тарас Надольны: Вы ж ведаеце, што закладаўся ў бюджэт сярэдні курс долара 9800 і ніякіх зменаў мы не бачым — усё ідзе дастаткова спакойна. Ад пачатку першага квартала ў нас станоўчае сальда на валютным рынку — насельніцтва стала больш прадаваць, чым набываць, інфляцыя памяншаецца. А памяншэнне інфляцыі вядзе да павелічэння даверу да фінансавай палітыкі краіны. А гэта — зніжэнне дэвальвацыйных чаканняў. Да ўсяго, зараз пачалі зніжацца стаўкі на грашовым рынку. З аднаго боку, гэта можа ізноў стымуляваць насельніцтва да набыцця валюты — прыбытковасць па дэпазітах падае. Але з іншага боку, гэта кажа пра тое, што сітуацыя развіваецца нармальна і зараз няма ніякіх перадумоў для таго, каб гэтыя дэвальвацыйныя чаканні рэалізоўваліся. Мы — адкрытая эканоміка, на нас уплываюць працэсы ў краінах-гандлёвых партнёрах, але сёння, як вы бачыце… Пра дэвальвацыю мы кажам з 2011 года, па сутнасці, увесь час, але ж гэтага няма — ідзе паступовае і плаўнае абясцэньванне курсу беларускага рубля да кошыка валют. Але яно — 10-12% у год, што ўяўляе сабой абсалютна нармальную інфляцыю.
Еўрарадыё: Пётр Пракаповіч прызнаўся Еўрарадыё, што галоўная яго памылка — разавая дэвальвацыя, а трэба было рабіць яе плаўна, у некалькі этапаў. Вы, атрымліваецца, ўлічылі вопыт Пракаповіча?
Тарас Надольны: Улічылі ці не — цяжка сказаць. Як вы памятаеце, у 2011 годзе дэвальвацыя была 300%, калі перакласці гэта на сёння, то атрымаем прыблізна 27% у месяц. А ў нас сёння дэвальвацыя да кошыка валют склала каля 1% у месяц. На самой справе, у вызначэнні курса вельмі мала залежыць ад органаў кіравання і ад Нацбанка, калі мы прымяняем падыходы кіраванага плавання. Залежыць ад велічыні рэзерваў (золата-валютных. — заўв. Еўрарадыё) і ад дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва. Галоўнае, каб давяралі людзі курсавой, валютнай палітыцы дзяржавы. Сёння, мне падаецца, мы знайшлі тую сярэдзіну, якая дае магчымасць і падтрымаць канкурэнтаздольнасць, і не даць насельніцтву лішніх падстаў турбавацца ў чаканні дэвальвацыі.
Еўрарадыё: Месяц таму казахскі тэнге быў дэвальваваны адразу на 20%, расійскі рубель пастаянна слабее — чаму мы не ідзём шляхам тых жа казахаў?
Тарас Надольны: Любыя шараханні на валютным рынку, з улікам “адчувальнасці” насельніцтва да гэтых працэсаў, выклікаюць дадатковы попыт на валюту. Прыклад мінулага года: нават плаўнае зніжэнне курсу беларускага рубля ўсё адно выклікала пэўны попыт насельніцтва на валюту. Бо дастаткова высокімі былі дэвальвацыйныя чаканні людзей. І таму любыя рэзкія ваганні курса выклікаюць рост гэтых дэвальвацыйных чаканняў. Мы гэтага не хочам і гэтым прадыктаваная плаўная, спакойная дынаміка курса.
Еўрарадыё: Наша валюта прывязаная да кошыка з трох валют: еўра, долар і расійскі рубель. Як санкцыі супраць Расіі могуць адбіцца на курсе беларускага рубля?
Тарас Надольны: З улікам таго, што мы дастаткова сур’ёзна інтэграваныя ў гандлёвыя адносіны з Расіяй, то курс уплывае на канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі. Калі курс расійскага рубля будзе моцна падаць адносна долара, то канкурэнтаздольнасць нашых тавараў на тэрыторыі РФ таксама падае. Але тэндэнцыі зараз такія, два дні таму выступаў міністр фінансаў РФ, і ён сказаў, што ва ўрада і Цэнтрабанка Расіі няма стратэгіі аслаблення курса. І на фоне гэтых заяў расійскі рубель адразу на 1,5% умацаваўся адносна долара ЗША. Я не думаю, што могуць быць уведзеныя рэальныя санкцыі супраць Расіі: вельмі шмат капіталу знаходзіцца за межамі Расіі, гэта праблема, але расійскія алігархі грошы захоўваюць за мяжой, і адток гэтых капіталаў з заходніх банкаў у выніку ўвядзення санкцый прывядзе да праблем з ліквіднасцю ў Еўропе, ЗША і Вялікабрытаніі. Пытанне санкцый больш носіць палітычны характар, а ў эканамічным плане яно не будзе ўведзенае.
Еўрарадыё: Плануецца, што з 2015 года запрацуе ЕўрАзЭС — можа і адзіная валюта на гэтай Адзінай эканамічнай прасторы з’явіцца?
Тарас Надольны: Планаў такіх няма. З пункту гледжання фінансавага рынку, у межах Адзінай эканамічнай прасторы найбольшая дынаміка бачная: зараз у межах Еўразійскай эканамічнай камісіі падрыхтаваныя два базавыя пагадненні па фінансавым рынку, якія, акурат, робяць больш хуткім інтэграцыйны працэс фінансавых рынкаў унутры краін АЭП. Але нідзе нават не прадугледжвалася ўвядзенне адзінай валюты на тэрыторыі Адзінай эканамічнай прасторы. Наадварот — падкрэслівалася роўнасць краін АЭП, у тым ліку ў базавых пытаннях валюты плацяжоў, валюты абавязацельстваў.
Еўрарадыё: Можаце парадаваць абяцаннем зніжэння ставак па крэдытах?
Тарас Надольны: Абяцаць не магу — гэта справа няўдзячная. А вось абнадзеіць магу, бо сёння тэмп інфляцыі дазваляе казаць пра тое, што стаўкі на дэпазітным рынку, а значыць — і на крэдытным рынку, могуць быць зніжаныя. Паступова — каб не выклікаць сур’ёзных асцярогаў у насельніцтва. Але цудаў не бывае: каб падалі стаўкі па крэдытах, павінны падаць стаўкі па дэпазітах. А калі стаўкі па дэпазітах будуць падаць, то насельніцтва павінна быць гатовае, што тая маржа прыбытковасці паміж валютнай і рублёвай, якая сёння каля 19%, павінна будзе змяншацца. Гэта дрэнна, калі такія стаўкі на грашовым рынку. І мы за тое, каб паступова, у межах зніжэння тэмпаў інфляцыі, зніжаліся стаўкі па крэдытах і па дэпазітах. Таму абнадзеіць магу, але сказаць канкрэтнымі лічбамі — не. Але планы такія ёсць.
Еўрарадыё: Якую суму павінна ў 2014 годзе выплаціць наша краіна па розных міжнародных крэдытах?
Тарас Надольны: Давайце я не буду гэтую суму казаць вам, каб не ўзнімаць лішнюю… Але дастаткова шмат.
Еўрарадыё: У парламенце вы прадстаўлялі праект закона “Аб мерах па прадухіленні легалізацыі прыбыткаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці”. Размова ідзе выключна пра беларускіх “адмывацеляў” ці закране і, да прыкладу, расіян, якія ў нас захочуць “адмыць” брудныя грошы?
Тарас Надольны: Гэты закон распаўсюджваецца на беларускія банкі. Але з-за таго, што нашы банкі ўцягнутыя ў аперацыі і з нерэзідэнтамі, гэтак жа, як і нерэзідэнты могуць адкрываць у нас рахункі і, такім чынам, яны ўцягнутыя ў працэс на тэрыторыі Беларусі, то закон дазваляе ўсе сферы “пакрыць”. І ён дае права банку адмовіцца ад правядзення падазронай трансакцыі. Галоўная думка закона — ажыццяўляць прэвентыўныя мерапрыемствы — не прапускаць такіх плацяжоў на тэрыторыі Беларусі. У тым ліку не дапускаць удзелу нерэзідэнтаў у такіх аперацыях. А не сачыць за ўжо праведзенай аперацыяй, калі спецыяльныя органы не паспяваюць гэтыя грошы спыніць — яны проста выводзяцца з таварнага абароту, фірмы-аднадзёнкі закрываюцца і грошай ужо не знайсці.
Еўрарадыё: Эксперты кажуць, што раней брудныя грошы расіяне адмывалі ў Еўропе, але ў выпадку пашырэння санкцый супраць Расіі злачынныя грошы будуць адмывацца ў Беларусі — мы да гэтага гатовыя?
Тарас Надольны: Сістэма гатовая. У нас сістэма барацьбы з адмываннем незаконных прыбыткаў лепшая, чым нават ў Расіі. Да прыкладу, у нас ёсць базы дадзеных па ілжэпрадпрымальніцкіх структурах, гэта публічная інфармацыя, у нас ёсць дакладныя крытэры аднясення той ці іншай аперацыі да сумнеўнай. Таму не будзе праблем з прыходам расійскага капіталу — мы зможам паставіць бар’ер.
Фота: Змітра Лукашука