Нафта "ЕР 2013"

Сайд-праект Уладзіміра Пугача "Нафта" выкінуў першую порцыю песень. "ЕР 2013" змяшчае 4 кампазіцыі і бонус-трэк і з'яўляецца вынікам канцэпцыі каманды: прыдумалі, запісалі, выдалі. Без прадзюсараў, тэрмінаў ды рэзкіх рухаў.


Цень J:Морс навіс над "Нафтай" ужо на першым канцэрце і, падобна, не збіраецца сыходзіць. Акаўнты, афлайн, айпі, лайкі нібыта спазніліся на "морсаўскі" "Веб-дизайн", "Крылы" і "Гімалаі" - на "Босиком по мостовой", "Без меня" — на "Аквамарин", бонус "Піяр-Пажар" — на "Электричество".


Песні Пугача — гэта менавіта песні Пугача. Іх можна падаваць пад любым соусам, аранжыраваць з Мышкевічам, Старажуком і Траццяком ці з хорам Цітовіча, аднак іх мелодыка, паэтыка, рытміка скіруюць да арыгінала. І гэта не хіба, а факт, з якім трэба змірыцца. Можа таму і варта чакаць фолкавага альбома ад лідара J:Морс, у які ўвойдуць песні палескіх бабуль — а там ой якія ўнутранасці!


J:Морс, які дагэтуль карыстаецца бонусамі ад сваёй папулярнасці сярэдзіны 2000-х і нават лёгка збірае тысячную залу "Рэ:пабліка", тым не менш, патрабуе абнаўлення. І "Нафта", з аднаго боку, — гэта паўза для думак над далейшым лёсам "Морсаў", з іншага — жаданне Пугача быць на плыву. Аднак мэтазгоднасць праекта, які крыху цяжэйшы за арыгінал, але спавядае амаль тыя ж погляды, выклікае ўсё ж пытанні. Бо, па сутнасці, "ЕР 2013" — абсалютна "морсаўскі" прадукт, душэўны, упэўнены, з вельмі добрым гукам, але далекаваты ад сучасных павеваў. Гэта як газавая лямпа пад святлодыёднымі сафітамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі