Намеснік кіраўніка МЗС: Большасць беларусаў падтрымлівае смяротнае пакаранне

Намеснік кіраўніка МЗС: Большасць беларусаў падтрымлівае смяротнае пакаранне

Большасць насельніцтва Беларусі па-ранейшаму падтрымлівае, каб у краіне захоўвалася смяротнае пакаранне. Пра гэта на міжнароднай канферэнцыі "Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў" заявіў намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў. Мерапрыемства пад эгідай Прадстаўніцтва ААН адбываецца ў Мінску 10 сакавіка.

"Як усім нам добра вядома, большасць беларускіх грамадзян на рэферэндуме 1996 года выказалася за захаванне смяротнага пакарання. І неаднаразовыя сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся, сведчаць пра тое, што смяротнае пакаранне па-ранейшаму па-рознаму ўспрымаецца ў грамадстве і па-ранейшаму ёсць большасць прыхільнікаў яго захавання. Намі гэты факт ігнаравацца не можа і не будзе, у тым ліку і ў кантэксце нашага дыялогу з нашымі шматпаважанымі еўрапейскімі партнёрамі", — перадае БелаПАН словы беларускага дыпламата.

Рыбакоў нагадаў, што беларускае заканадаўства замацавала часовы характар ужывання смяротнай кары. Па яго словах у Беларусі пры ўжыванні пакаранняў дзейнічаюць больш жорсткія абмежаванні, чым вызначаныя для смяротнага пакарання ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Дыпламат заявіў, што Беларусь займае на міжнароднай арэне узважаную пазіцыю ў пытанні смяротнага пакарання. І калі Генасамблея ААН разглядае пытанне аб мараторыі на смяротнае пакаранне, наша дзяржава традыцыйна ўстрымліваецца пры галасаванні.

Разам з тым Рыбакоў адзначыў, што Беларусь гатовая абмяркоўваць пытанні смяротнай кары. Але рашэнне ён рэкамендуе шукаць "шляхам паважлівага дыялогу, улічваючы асаблівасці і нацыянальныя інтарэсы краіны".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі