Нарколаг: У мяне ад алкагалізму лечацца нават доларавыя мільянеры

Нарколаг: У мяне ад алкагалізму лечацца нават доларавыя мільянеры

Згодна рэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь на 2 месцы сярод самых пітушчых краін у свеце. На кожнага жыхара прыпадае 15 літраў алкаголю на год. Літва займае ў рэйтынгу першае месца. А ў 2015 годзе на першым месцы была Беларусь.

Чаму беларусы п’юць, ці ёсць розніца паміж чарніламі і дарагім кан’яком і калі варта звяртацца да спецыяліста, размаўляем у студыі Еўрарадыё з Уладзімірам Івановым, загадчыкам 21-ага наркалагічнага рэабілітацыйнага аддзялення Навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя. Прапануем лепшыя цытаты з размовы.

Слухаць размову:

Прапануем лепшыя цытаты з размовы.

 

Пра ўзровень ужывання алкаголю

“Найгоршая сітуацыя была ў 90-ыя, калі ў краіну ўвозіўся нелегальны спірт. Яго можна было набыць у любой час. Але цяпер мы не ведаем, чаму стала лепш і што змянілася. У раённых цэнтрах навісае пагроза беспрацоўя, і людзі сябе стрымліваюць, можа, таму”.

Пра алкаголь і статус

“Сярод маіх пацыентаў ёсць нават доларавыя мільянеры, якія жывуць за мяжой і прыязджаюць на тэрапію. Сярод людзей ёсць меркаванне, што алкаголік ― гэта чалавек, які апусціўся. Значная частка хворых на алкагалізм людзей ― з высокімі заробкамі, з сям’ёй, з добрай машынай”.

Пра спажыванне ў нас і на Захадзе

“Узровень захворвання алкагольнай залежнасцю ў нас прыкладна аднолькавы з Еўропай і з ЗША. А там даходы вышэйшыя. Гэта не грае ролі ў распаўсюданасці хваробы. Асноўная праблема ― даступнасць алкаголю”.

Пра піва

“Піва небяспечнае. Яно выклікае залежнасць яшчэ і ад свайго спецыфічнага смаку. Людзям падабаецца смак і яго п’юць не толькі таму, што там ёсць алкаголь, а якраз з-за смаку. У мяне палова аддзялення пакутуе на такую залежнасць”.

Нарколаг: У мяне ад алкагалізму лечацца нават доларавыя мільянеры

 

Пра “першыя званочкі”

“Ёсць прыкметы залежнасці, алкагольнай ці наркатычнай. Гэта калі чалавек адчувае пакуты, калі ў яго няма доступу да гэтага рэчыва. А калі сёння выпіў піва, заўтра таксама, а на наступны дзень вырашыў, што не хоча, то наўрад ці ў яго залежнасць”.

Пра расійскі “Баярышнік” і нашы лекі

“Штогод у нас гіне ад атручвання алкаголем ад 1,5 да 2 тысяч чалавек. Гэта было і 10, і 15 гадоў таму. Бо хворыя людзі не кантралююць яго ўжыванне, прымаюць зашмат вялікія дозы. Гэта смерць ад перапою. А па смерці ад сурагатаў у нас няма статыстыкі”.

“Ёсць у мяне пацыенты, якія замест алкаголю ужываюць спіртаўтрымліваючыя лекі. Сёння выпісаўся пацыент, які ўжываў “Баярышнік”, менавіта лекі. Казаў, што пасля яго ён можа працаваць, а пасля алкаголю не”.

Чаму людзі п’юць

“Мы ўсе жывем у алкагольнай культуры, алкаголь прадаецца паўсюль, не вядзецца дастатковай раз’ясняльнай працы. Спачатку чалавек сутыкаецца з рытуальным ужываннем алкаголю, і калі ў яго ёсць схільнасць, то захворванне ў яго можа быць праз пару месяцаў”.

Пра спайсы

“Калі ў 2014 годзе ў нас было на стацыянары 10-15 чалавек з-за спайсаў увесь час, то цяпер 1-2 чалавекі. Чаму так атрымалася, няма ні аналізу, ні аб’ектыўнай інфармацыі. Ніхто такі аналіз не праводзіў”.

Як палепшыць сітуацыю

“Сітуацыю з алкаголем палепшыць можна, але гэта мусіць быць доўгатэрміновая стратэгічная праграма на 20-30 гадоў. Знізіць спажыванне алкаголю на 1% у год лёгка. А ў нас так далёка не думаюць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі