Народныя і сучасныя беларускія песні прагучалі на нямецкім фэсце

У нямецкім мястэчку Lützensömmern ў дваццаты раз адбыўся фестываль воркшопаў “Singentreffen”. Сярод сёлетніх удзельнікаў імпрэзы– калектывы з Румыніі, Польшчы, Украіны, Германіі, Францыі і Беларусі. Атрымаць уяўленне пра манер беларускіх народных спеваў і навучыцца спяваць песні беларускіх бабуль аматары музыкі здолелі дзякуючы гурту “Hoha-band”, удзельнікі якога ўжо восьмы год запар знаёмяць замежнікаў з беларускай музычнай традыцыяй.

Сучасная беларуская рок-музыка на фэсце была прадстаўлена гуртом “Босае сонца”. Па словах лідэра гурта Алеся Зайцава, музыкі атрымалі выдатны досвед сумесанай творчасці з музыкамі і аматарамі музыкі з іншых краін, і ўпэўніліся ў неабходнасці сваёй справы.

Алесь Зайцаў: “Заўжды цікава паглядзець на рэакцыю людзей, якія чуюць упершыню беларускую мову, магчыма, і музыку на беларускай мове, іх рэакцыю на тое, што мы робім, а тым больш папрацаваць з імі разам. Гэта заўжды вельмі файны досвед, яго бывае не так шмат, таму такія фестывалі для беларускіх гуртоў, кшталту нашага, вельмі карысныя і класныя. Больш таго, гэта дадае ўпэўненасці і моцы ў тым, што ты робіш, таму што яно цікава не толькі табе і беларускім слухачам, але і людзям, якія жывуць за мяжой, і для якіх гэтая культура не настолькі блізкая, але яны адчуваюць у ёй патрэбу”.

Нагадаем, у мінулым годзе арганізатары фэсту “Singentreffen” прэзентавалі спеўнік пад назвай “Купалінка”, у які ўвайшлі народныя і сучасныя песні краін Еўропы, у тым ліку і Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі