Наталка Бабіна: Беларуская літаратура бярэ высокую планку

Беларускія пісьменніцы Наталка Бабіна (кніга "Рыбін горад") і Святлана Алексіевіч  (кніга "У вайны не жаночае аблічча") вышлі ў фінал еўрапейскай літаратурнай прэміі Angelus.

111019 BabinaS.mp3

Наталка Бабіна: Прэмія Angelus даецца твору, які быў перакладзены на польскую мову і выйшаў у свет у мінулым годзе. Ад мяне гэта не патрабавала асаблівых высілкаў. Цяжка, складана і цікава было менавіта пісаць кніжку. Мне вельмі пашанцавала, што гэтая кніжка выйшла ў Беларусі, у выдавецтве «Кнігарня "Нашай Нівы"», пашанцавала, што яе заўважыла і пераклала выдатная перакладчыца Малгажата Бухалік. Яна перакладала на свой страх і рызыку, яна знайшла выдаўца, гэтым выдаўцом аказалася выдатнае польскае выдавецтва пад назвай Rebis, якое месціцца ў Познані. Так склаліся абставіны, кніжка выйшла ў Польшчы. Я бачу, што яна мае там свайго чытача, што яна цікавая. З-за гэтага яна і трапіла ў намінанты на прэмію. Ад мяне тут не патрабавалася нічога. Я сваю справу зрабіла, калі напісала кніжку. А далей лёс кніжкі, як і лёс дзіцяці, складаецца незалежна ад мяне.


Еўрарадыё: А якія яшчэ сучасныя беларускія кнігі перакладаліся на польскую мову?

Наталка Бабіна: Апошнім часам літаратурныя адносіны паміж Польшчай і Беларуссю ўзмацняюцца. Цікавасць у Польшчы да беларускай літаратуры існуе і павялічваецца. Я ведаю, што выходзілі кніжкі Ігара Бабкова, Артура Клінава, выходзілі анталогіі беларускай паэзіі, зробленыя на вельмі сур’ёзным узроўні. Малгажата Бухалік, якая стала за гэты час маёй сяброўкай, перакладае зараз на польскую мову “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Караткевіча. Як аказалася, гэтыя творы Караткевіча на польскую ніколі не перакладаліся. А каб зразумець беларускую літаратуру, яны проста неабходныя польскаму чытачу.


Еўрарадыё: “Рыбін горад” выйшаў у Польшчы накладам 7000 асобнікаў і рыхтуецца другое выданне. Як бы вы параўналі ўспрыманне вашага твора беларускім і польскім чытачом?

Наталка Бабіна: Адрозненні відавочныя. Мы жывем у такіх умовах, што беларускаму чытачу кінуўся ў вочы ў першую чаргу палітычны бок рамана, палітычны складнік. Палякам гэта таксама было цікава, але мне падаецца, яны глядзяць пад крыху іншым кутом. Іх цікавяць больш вечныя тэмы — зямля, памежжа, нашая агульная польска-беларуская гісторыя.


Еўрарадыё: А ці ёсць штосьці адметнае ва ўкраінскіх чытачоў, бо раман ваш выдаваўся і ва Ўкраіне?

Наталка Бабіна: Гісторыя з украінскім выданнем — тэма асобнай размовы. Я родам з украінска-польска-беларускага памежжа. У маёй роднай вёсцы гавораць па-ўкраінску. Таму для мяне вельмі цікавая і важная рэакцыя ўкраінскага чытача. Я не магу пакуль яе дакладна для сябе вызначыць, трэба трошкі пачакаць.


Еўрарадыё: Жадаем вам атрымаць гэтую прэмію.  

Наталка Бабіна: У гэтым годзе вельмі сур’ёзны набор тэкстаў, гэта вельмі высокая планка. Для мяне вельмі прыемна і вельмі важна, што я туды трапіла. Там такія людзі, як Святлана Алексіевіч, якую не трэба прадстаўляць. Марыя Маціос з Украіны. Гэта настолькі моцная літаратура, што для мяне сам факт, што я трапіла ў гэты шэраг, ужо вельмі важны.


Еўрарадыё: А ці атрымлівае штосьці перакладчык?

Наталка Бабіна: Я ўпэўненая, што гэта ў кожным разе прэмія найперш для перакладчыка. Бо, калі б не было перакладчыка, ніводзін з гэтых твораў, што трапілі ў шэраг намінантаў, не пабачыў бы свету. Перакладчыца — гэта другая мама твора, без яе нічога не было б.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі