NATO: На тэрыторыі Украіны ваюе больш за тысячу расійскіх вайскоўцаў

У ноч на 28 жніўня украінскія вайскоўцы былі вымушаныя адступіць з вызваленага ад сепаратыстаў некалькі месяцаў таму Новаазоўска пад ціскам дзвюх калон цяжкай тэхнікі расійскай арміі, паведамляюць у Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Акрамя Новаазоўска пад кантроль расійскай арміі перайшоў цэлы шэраг украінскіх населеных пунктаў.

“Пасля гэтага ў 00:30 пачалася атака дзвюма калонамі ваеннай тэхнікі ў складзе танкаў, БМП і БТР, якія зайшлі ва Украіну з Вясёла-Вазнясенкі і Максімава Растоўскай вобласці РФ”, — гаворыцца ў паведамленні СНБА.

Прэм'ер-міністр Украіны Арсень Яцанюк у выніку просіць заходніх партнёраў склікаць тэрміновае пасяджэнне Савета бяспекі ААН у сувязі з дзеяннямі Расіі на ўсходзе Украіны.

“Лічу неабходным, каб нашы заходнія партнёры склікалі надзвычайнае пасяджэнне Савета бяспекі ААН. Расія істотна нарасціла ваенную прысутнасць ва Украіне", — кажа ён. Прэм’ер лічыць, што таксама адпаведныя надзвычайныя пасяджэнні павінны адбыцца ў АБСЕ і Еўрасаюзе на ўзроўні міністраў замежных спраў краін-удзельнікаў ЕС.

Прэм’ер прапануе: “Замарозіць Расіі актывы і фінансы да моманту вываду Расіяй сваіх узброеных сіл, тэхнікі з тэрыторыі Украіны".

Што праўда, па стане на вечар 28 жніўня на падзеі ў Новаазоўску рэагуе толькі Швейцарыя, якая ў дадзены момант старшынюе ў АБСЕ. Яна склікае экстранае пасяджэнне пастаяннага савета арганізацыі па сітуацыі ва Украіне. ЕС пакуль абмяжоўваецца заявай прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда.

"Калі высветліцца, што расійскія вайскоўцы прысутнічаюць на ўкраінскай зямлі, гэта будзе невыносна і непрымальна".

Паводле яго, Еўропа можа ўзмацніць санкцыі супраць Расіі. Пры гэтым Франсуа Аланд дадаў, што хацеў бы пазбегнуць такога развіцця сітуацыі, таму што санкцыі не адпавядаюць "ні нашым інтарэсам, ні інтарэсам Расіі".

Пакуль жа ўкраінцы спрабуюць паўплываць на сітуацыю сваімі сіламі. Прэзідэнт Пётр Парашэнка адмяніў запланаваны візіт у Турцыю і выступіў з афіцыйнай заявай аб уварванні расійскай арміі на тэрыторыю Украіны:

"Я прыняў рашэнне адмяніць працоўны візіт у Турэцкую Рэспубліку ў сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў Данецкай вобласці, у прыватнасці, у Амвросіеўцы і Старабешаве, паколькі адбылося ўвядзенне расійскіх войскаў ва Украіну", — заявіў Парашэнка.

Пра ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну тым часам паведамляе нават беларуская БелТА. Са спасылкай на… НАТА. “Больш за тысячу расійскіх ваенных ваююць на тэрыторыі Украіны на баку апалчэнцаў. Пра гэта заявіў сёння прадстаўнік ваеннай структуры Паўночнаатлантычнага альянсу на брыфінгу ў штабе Аб'яднаных сіл НАТА ў Еўропе ў Монсе”, — гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага інфармагенцтва.

Крэмль і Мінабароны Расіі па-ранейшаму адмаўляюць увод войскаў на тэрыторыю мацерыковай Украіны.

Ілюстрацыйнае фота — tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі