Навагодні стол за год падаражэў на 300-400 тысяч рублёў

"Калі мы ўжо гэтых людзей накормім?", — уздыхае прадаўшчыца ў "Еўраопце". Кажа, што ў перадапошнія дні новага года прысесці няма калі: людзі ідуць натоўпам. На касах таксама ажыятаж: пакупнікі прыходзяць закупляцца парамі — адзін займае чаргу, другі бегае па краме і збірае вазок з прадуктамі.

Мужчыны нервуюцца, жанчыны бегаюць па краме ў пошуках неабходных прадуктаў.

"Колькі выдаткую на навагодні стол? Мільён, а ўвогуле колькі дадуць грошай", — кажа Еўрарадыё студэнтка Джульета. Яна ўжо аддала на навагоднія падарункі родным і блізкім каля мільёна.

Адны з самых папулярных прадуктаў на навагодні стол — маянэз, каўбаса, курыца, гуркі, бульба, яйкі, гарошак — амаль што традыцыйны салат для навагодняга стала. Купляюць масліны, аліўкі, сыры, віно, гарэлку ды шампанскае.

"Я яшчэ не падлічвала, колькі грошай пойдзе на стол, усё ж так падаражэла", — расказвае мінчанка Таццяна пра выдаткі і тут жа дзеліцца, як робіць салат аліўе больш танным і лёгкім: замест каўбасы дадаваць варанае курынае мяса.

"Буду адзначаць на працы, працую афіцыянткай, неяк мінімальна адзначаем. На падарункі мільёны два ўжо выдаткавана. Дзіцяці падару робата, бацькам — нейкія мінімальныя падарункі, а сабе нічога", — распавядае пра планы на навагоднюю ноч афіцыянтка Алена.

"Каля двух мільёнаў на стол, і на навагоднія падарункі", — кажа студэнт Алег.

"На стол пайшло каля паўтара мільёна. У нас на Новы год гусь фаршыраваны, потым курыца, шашлыкі. Новы год сустрэнем і паедзем на лецішча адзначаць", — смяецца Аляксей. Нягледзячы на поўную адсутнасць снегу ў мужчыны вельмі навагодні настрой.

Сярэдні ж чэк з крамаў сталіцы — каля 800 000 рублёў, а яшчэ год таму ў мінчане ў сярэднім закупляліся на 400 тысяч. Не дзіўна, бо прадукты ў параўнанні з мінулым годам падаражэлі на 48%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі