Нават прэзідэнт не змог дапамагчы шматдзетнай сям’і Сікорскіх

У адчаі шматдзетная сям’я прасіла у кіраўніка дзяржавы дапамогі, і так уразіла сваёй гісторыяй Адміністрацыю прэзідэнта, што тая распрацавала праект пастановы аб сацыяльнай падтрымцы шматдзетных. Аднак сама сям’я Сікорскіх пад гэтую дапамогу… не трапіць

Па словах газеты “СБ- Беларусь Сегодня”, гэта быў крык душы сям’і Сікорскіх. Яны жадалі, каб дзяржава хоць неяк дапамагла выгадаваць тройню: прыбыткаў хапае толькі на выплату крэдыту за жыллё, камунальныя паслугі, лекі для трох дзяцей і памперсы. З грашыма на ежу і адзежу маладой пары дапамагаюць бацькі. Сікорскія звярталіся па адрасную падтрымку - ім адмовілі, бо на кожнага члена сям’і выходзіць у месяц больш за 200 тысяч.

Лукашэнка быў у Венесуэле, таму з Дзмітрыем Сікорскім сустрэўся памочнік прэзідэнта Генадзь Нявыбарны. У гутарцы з маладым бацькам чыноўнік прызнаў, што заканадаўства неідэальнае, таму і ўзнікаюць такія сітуацыі.

Дзмітрый Сікорскі: Мы пісалі ліст у апошнюю інстанцыю, бо мы ўжо абышлі і цэнтр сацыяльнай абароны, і адміністрацыі выканкамаў, мы былі ў Палаце прадстаўнікоў, Міністэрстве аховы здароўя – няма такіх арганізацый, у якіх бы мы не былі. І ва ўсіх арганізацыях нам ніхто канкрэтна нічым не дапамог.

Сікорскія прасілі, каб ім выдзелілі сацыяльнае жыллё, сацыяльны транспарт, каб вазіць малых у паліклініку, бясплатныя лекі. Бо, калі нарадзілася тройня, дзяржава дапамагла толькі з жыллём, дый тое пакуль толькі забірае грошы. Дзяржава выплаціла 42% ад кошту трохпакаёвай кватэры ў Сухарава.

Дзмітрый Сікорскі: Мы з жонкай стаялі ў чарзе на кватэру 19 гадоў, а пасля таго, як у нас адразу ж з’явілася трое дзяцей, нам прапанавалі такі варыянт. Дзяржава выплочвае 42%, астатняе - мы. Я узяў крэдыт на 40 гадоў і зараз штомесячна выплачваю 150 тысяч.

Пакуль Сікорскія не могуць пераехаць у новую кватэру, бо грошай зрабіць там рамонт няма. Таму надумаліся звярнуцца да прэзідэнта, які іх пачуў і вырашыў дапамагчы.
Гэтая гісторыі Папялушкі абляцела ўсе дзяржаўныя СМІ. На першай старонцы газеты “СБ” – шчаслівыя Сікорскія! Чыноўнікі абяцаюць, што рыхтуецца новы дакумент у падтрымку такіх сем’яў. Па-першае, сацыяльная нянечка - пакуль малым не споўніцца 3 гады (зараз толькі да 2 гадоў). Па-другое, бясплатны “прадуктовы набор” дзеткам да 3 год, незалежна ад даходаў. Але Еўрарадыё даведалася, што ўсё гэта - не для Сікорскіх.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай аховы Таццяна Шаметавец кажа Еўрарадыё, што такія паслугі ёсць і зараз, але толькі калі прыбытак на кожнага члена сям’і не перавышае 100% бюджэту пражытковага мінімуму (200 тысяч). Як даведалася Еўрарадыё, існуе грашовы ліміт на бясплатную ежу для дзетак – 37-50 тысяч рублёў.

Таццяна Шаметавец: Гэта сістэма дзейнічае даўно. Зараз дзеці да 2 год забяспечваюцца дзіцячай ежай – гэта адрасная дапамога, якая прадастаўляецца з улікам прыбытку сям’і. Што ўключае ў сябе бясплатная ежа? Гэта малочныя сумесі, мясныя кансервы, кансервы з гародніны, сокі, пюрэ – усе прадукты айчынай вытворчасці.

Калі будзе прыняты праект пастановы ўрада, дакладна ніхто не ведае. Але сям’я Сікорскіх, магчыма, застаецца без такой доўгачаканай дапамогі. Бо Іраклію, Даміру і Нікіту Сікорскім ужо 2 гады 4 месяцы. Калі нават чыноўнікі паспяшаюцца, няню на некалькі месяцаў не знайсці.
Еўрарадыё запыталася ў таты Дзімы, ці не крыўдна яму, што прасіў у прэзідэнта за сваю сям’ю, а льготамі будуць карыстацца іншыя.

Дзмітрый Сікорскі: Галоўнае, мы дабіліся таго,што будучыя тройні ў існуючым заканадаўстве будуць хоць неяк указаныя і хоць неяк забяспечаныя.

Дарэчы, у мінулым годзе ў краіне нарадзілася толькі 20 тройняў ды адна чацвярня. Дзякуй Сікорскім, што нечым дапамаглі хаця б гэтым людзям.


Фота sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі