"Навічком", які знайшлі ў Солсберы, можна было атруціць тысячы чалавек
Нервова-паралітычным рэчывам "Навічок", які знайшлі ў флаконе ў брытанскім горадзе Солсберы, можна было атруціць некалькі тысяч чалавек. Пра гэта ў інтэрв'ю "Бі-Бі-Сі" заявіў афіцэр паліцыі Дзін Хейдан, які кіруе расследаваннем гучнай справы аб атручванні ў сакавіку 2018-га былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. Як вядома, у чэрвені флакон знайшоў у парку Чарлі Роўлі і падарыў сваёй сяброўцы Дон Стэрджэс з горада Эймсберы — думаў, што гэта духі. У выніку іх шпіталізавалі. Роўлі выжыў, а Стэрджэс памерла.
Хейдан прадэманстраваў дакладную копію флакона з атрутным рэчывам. "Як вы бачыце, па памеры бутэлечка вельмі невялікая, — гаворыць афіцэр паліцыі. — У яе быў запаяны каўпачок, які і утрымліваў "Навічок". Нападнікі ўскрылі кантэйнер, уставілі дазатар, а затым зверху змясцілі распырсквальнік".
Следства прыйшло да высновы, што флакон спецыяльна сканструявалі так, каб яго можна было лёгка пранесці праз сістэму надгляду ў аэрапорце, а затым сабраць і выкарыстоўваць без пагрозы для здароўя выканаўцаў. Калі флакон трапіў у рукі паліцыі, у ім яшчэ знаходзілася "вялікая колькасць "Навічка". "Колькасць [рэчыва] ў бутэлечцы і метад, якім яго нанеслі на дом Скрыпаля, былі абсалютна безразважнымі", — сказаў кіраўнік расследавання.
Як вядома, брытанскае следства абвінавачвае ў атручванні расіян, якія прыляцелі ў Вялікабрытанію па дакументах на імя Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Пасля сталі вядомыя іх сапраўдныя імёны — Аляксандр Мішкін і Анатоль Чапіга. Яны — афіцэры расійскай вайсковай разведкі. У чацвер брытанская паліцыя апублікавала яшчэ тры відэазапісы з камер відэаназірання пра перасоўванне па Солсберы згаданых асобаў.