Навошта мінчане балатуюцца ў рэгіёнах за дзясяткі і сотні кіламетраў ад сталіцы
Лічыцца, што дэпутат парламента прадстаўляе інтарэсы сваёй акругі ў гэтым заканадаўчым органе. Адпаведна, ён мусіць добра ведаць усе праблемы і патрабаванні сваіх выбаршчыкаў. А для гэтага ― быць мясцовым, сваім для тых, хто за яго галасуе. Аднак, калі паглядзець спісы кандыдатаў, там дастаткова шмат “варагаў”. Хто гэтыя людзі і чаму пайшлі ў незнаёмыя акругі?
Адразу выкрэсліваем са спісу дзеючых дэпутатаў парламента, якія балатуюцца наноў: у іх хоць і пазначаны месцам жыхарства Мінск, але за сваім першым дэпутацкім мандатам яны ішлі менавіта ў тых акругах, дзе жылі і працавалі. Гэта тычыцца, да прыкладу, і “мінчаніна” Уладзіміра Базанава, які балатуецца па Брэсцка-Памежнай акрузе №4, і Уладзіслава Шчапцова, які ідзе па Рагачоўскай акрузе №45.
Найбольш такіх “варагаў”-кандыдатаў ад палітычных партый. Да прыкладу, старшыня партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін змагаецца за дэпутацкае крэсла ў Аршанскай гарадской выбарчай акрузе №25. Свой выбар ён тлумачыць проста.
“Па-першае, гэта была настойлівая просьба нашых рэгіянальных арганізацый. Якія казалі, што кіраўніцтва партыі чамусьці абіраецца ў сталіцы, а яны б хацелі, каб мы папрацавалі і ў рэгіёнах. Апроч таго, мяне з Оршай звязваюць сваяцкія сувязі: у мяне там сваякі жывуць і радзіма маёй маці тут непадалёк ― Чашніцкі раён”.
Па словах Калякіна, дэпутаты парламента павінны займацца агульнадзяржаўнымі справамі. Маўляў, гэта “не пажарная каманда, якая павінна дарогі рамантаваць і шкло ў пад’ездах ставіць”. Усё гэта, упэўнены кандыдат, “другасная дзейнасць дэпутата, якую ён можа выконваць з дапамогай сваіх памочнікаў на месцы”.
Што да іншых прадстаўнікоў партый, якія балатуюцца не там, дзе жывуць, то, кажа Калякін, “туды іх партыя накіравала таму, што ў іх у тым раёне ёсць нейкія карані і сувязі, і партыйная арганізацыя папрасіла, каб ён там вылучыўся”.
Мінчанка Алена Анісім нават абураецца, калі я называю яе “варагам” у Стаўбцоўскай выбарчай акрузе №70.
Алена Анісім:: “Я не вараг! Справа ў тым, што я родам са Стаўбцоўскага раёна, гэта мая радзіма, у мяне там бацькоўскі дом, там жывуць мае сваякі і аднакласнікі — не вараг я там!”
А вось кандыдата ад партыі “Зялёныя” Дзмітрыя Кучука нічога са Смаргонскай акругай №59 не звязвае. Тым не менш, кажа, выбраў ён яе адмыслова.
Дзмітрый Кучук: “Смаргонь і Астравец ― гэта адна акруга. А мы палічылі неабходным скарыстаць выбарчую кампанію для таго, каб выказацца наконт будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Таму для “зялёных” гэта была прынцыповая акруга і я думаю, што ў далейшым “зялёная партыя” будзе там знаходзіцца пастаянна”.
У тым, што Полацкая сельская акруга ― гэта яго радзіма, прызнаецца і намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі, папулярны гумарыст Яўген Крыжаноўскі. А вось чаму яго калега, таксама намеснік старшыні ЛДП Анатоль Хішчанка раптам вырашыў балатавацца ў Магілёўскай сельскай акрузе №88, даведацца не атрымліваецца: на тэлефанаванні ён не адказвае. А яму апаненты ў акрузе прадказваюць перамогу…
А калі раптам стануць дэпутатамі, гатовыя да працы ў акругах? Жыць тут тыднямі?
Алена Анісім з усмешкай нагадвае пра бацькоўскі дом, дзе яна з камфортам можа жыць падчас працы ў акрузе ў якасці дэпутата. Калякін таксама не бачыць у гэтым праблемы: і сваякі ёсць, і партыйныя актывісты, і гатэлі. Ну, і пра памочнікаў мясцовых забывацца не трэба. Дзмітрый Качук гатовы ездзіць у Смаргонь ці Астравец штодня з Мінска.
“У момант выбарчай кампаніі я фактычна кожны дзень там знаходжуся ― езджу з Мінска. Займае гэта не шмат часу: да Астраўца 1 гадзіна 20 хвілін ― як з аднаго канца Мінска ў другі даехаць на машыне. Цяпер не з’яўляецца вялікай праблемай прыязджаць туды”.
Праўда, ёсць кандыдаты беспартыйныя, найчасцей ― жыхары сталіцы, жаданне якіх балатавацца ў рэгіёне не адразу зразумелае. Чаму, да прыкладу, абраў Столінскую акругу №16 для старту ў Авальную залу доктар-нейрахірург з Мінска Валерый Шпакевіч? Падказвае яго біяграфія: ён нарадзіўся ў вёсцы Цярэблічы Столінскага раёна. Праўда, даўно адтуль з’ехаў, але…
Тое ж і выпадку з былым начальнікам Гомельскага і Гродзенскага КДБ Іванам Каржом: хоць ён цяпер і жыве ў Мінску, дзе кіруе “Інстытутам нацыянальнай бяспекі”, але нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі Петрыкаўскага раёна, што на Гомельшчыне. Мяркую, гэты дэпутат гарантавана стане “любімцам” журналістаў незалежных СМІ.
Вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай ― радзіма памочніка кіраўніка Беларусі, галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Гобарава. Напэўна, менавіта таму ён і ідзе ў дэпутаты ад Шклоўскай акругі №90.
Іншая справа ― намеснік міністра ўнутраных спраў Валянцін Міхневіч. Нарадзіўся ён у Мінску. Чаму вырашыў балатавацца па Дзятлаўскай акрузе №56 зразумець складана. Ну, калі толькі яго працу на пасадзе кіраўніка УУС Гродзенскага аблвыканкама з 2009 па 2012 гады лічыць такой сувяззю з рэгіёнам.
А вось што звязвае з Маладзечна стоража з Мінска Міхаіла Валынца, невядома. Магчыма, таксама нейкія карані. Інакш чаму ён, беспартыйны, вырашыў балатавацца па Маладзечанскай гарадской акрузе №72?
Паглядзім, ці прагаласуюць людзі за “варагаў”, ці дапамогуць ім “карані”, сваякі ды бацькоўскія хаты ў акрузе…