Найхаладней на паўднёвым захадзе: якім будзе надвор'е напачатку тыдня
У панядзелак, 12 чэрвеня, на поўдні Беларусі пройдуць дажджы, а месцамі прагрымяць навальніцы / pixabay
Сіноптыкі Гідраметцэнтра расказалі, дзе напачатку тыдня будзе цяпло, а дзе прагрымяць навальніцы.
У панядзелак, 12 чэрвеня, на поўдні Беларусі пройдуць дажджы. Вецер будзе паўночна-ўсходнім, імпэтным, месцамі магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра мінімальная ўначы +6..+12°С, максімальная ўдзень +17..+23°С. На паўднёвым захадзе будзе халадней: +13..+16°С.
У аўторак, 13 чэрвеня, будзе хмарна, але пераважна без ападкаў. Толькі месцамі ў паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнах рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра мінімальная ўначы +5..+12°С, максімальная ўдзень +16..+23°С.
У сераду, 14 чэрвеня, захаваецца зменная хмарнасць. Дажджы і навальніцы магчымы ў паўднёва-заходніх раёнах Беларусі. Тэмпература паветра мінімальная ўначы +6..+13°С, максімальная ўдзень +22..+27°С. У паўднёва-заходніх раёнах халаднавацей: +18..+21°С.
Сіноптыкі папярэджваюць, што ў лясах Мінскай вобласці і месцамі ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях захоўваецца надзвычайная пажарная небяспека. Так што, калі планавалі шашлыкі на прыродзе — лепш перагледзьце планы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.