Назіральніка пазбавілі акрэдытацыі за відэатрансляцыю з выбарчага ўчастку
Чатыры назіральнікі з ініцыятывы #87працэнтаў другі дзень ладзяць анлайн-трансляцыю з выбарчага ўчастку №10. Ён знаходзіцца ў Мінску, у завулку Калініна, 10. Навіны з участку яны публікуюць у твітары і фэйсбуку.
Як паведаміў у каментары Радыё "Свабода" 20-гадовы Пятро Маркелаў з ініцыятывы #87працэнтаў, у Беларусі такая анлайн-трансляцыя робіцца ўпершыню. Хаця ў суседніх краінах, нават у Расіі, вядуцца трансляцыі.
Участак для датэрміновага галасавання знаходзіцца ў малым пакоі, дзе няма месца для назіральнікаў. З калідора, дзе яны вымушаныя сядзець, не відаць скрыні для галасавання. Хлопцы паставілі камеру ў пакоі. Але сябры выбарчай камісіі сталі абурацца, што іх здымаюць, і адключылі ад разеткі ноўтбук, з якога вялася відэатрансляцыя.
Журналісты, якія прыйшлі паглядзець на арганізацыю відэатрансляцыі, трапілі на пасяджэнне, дзе абмяркоўваліся парушэнні назіральнікаў. Старшыня выбаркаму Пётр Моргун зачытаў сем актаў, складзеных на Пятра Маркелава. Асноўныя парушэнні тычыліся відэаздымак, якія вяліся без дазволу старшыні камісіі. Таксама назіральнікаў абвінавачвалі ў тым, што яны перашкаджалі працы камісіі "сваімі рэкамендацыямі". А пра Маркелава напісалі, што "пры адкрыцці ўчастку для галасавання пакінуў каля сейфа заплечнік і фотаапарат". Пасьля гэтага камісія прагаласавала за пазбаўленне назіральніка акрэдытацыі.
У сваю чаргу, Маркелаў кажа, што ўвесь час яны становяцца сведкамі парушэнняў. На заўвагі назіральнікаў чальцы камісіі прапануюць пісаць скаргі. Пасля здымак камісіі ў Маркелава забіралі фотаапарат. Вярнулі толькі пасля таго, як ён выклікаў міліцыю.
Нягледзячы на пазбаўленне акрэдытацыяў, назіральнік збіраецца заставацца на ўчастку і назіраць за выбарамі.
Па словах назіральнікаў з ініцыятывы #87працэнтаў, здымкі з іншых участкаў маглі б зрабіць выбары больш празрыстымі.
Фота: svaboda.org