Не хочуць ваяваць і чакаюць беднасці: што думаюць беларусы пра вайну ва Украіне
Кветкі ля амбасады Украіны ў Беларусі / сацсеткі амбасадара Украіны Ігара Кізіма
Пераважная большасць беларусаў не падтрымлівае ўдзел беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны. Яшчэ людзі рыхтуюцца да цяжкіх эканамічных наступстваў вайны, але не думаюць, што баявыя дзеянні пачнуцца ў Беларусі.
Такія вынікі сацыялагічнага апытання Chatham House, якое праходзіла з 5 да 14 сакавіка 2022 года. Chatham House апытаў 896 рэспандэнтаў сярод гарадскога насельніцтва Беларусі, якія карыстаюцца інтэрнэтам. Статыстычная хібнасць не перавышае 3,3%.
Беларусы не павінны ваяваць ва Украіне
Удзел беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны ўхваляюць толькі 3% беларусаў. Пасля пачатку вайны беларусам трэба было падтрымаць Расію, але не ўступаць у вайну, заявілі 28% рэспандэнтаў. За поўны нейтралітэт і вывад замежных войскаў з Беларусі 25% апытаных. 21% цяжка сказаць, якую пазіцыю варта заняць.
Большай частцы беларусаў усё ж не падабаецца, што расійскія войскі знаходзяцца ў краіне (42%). Падтрымліваюць гэта 25%. Астатнія не вызначыліся.
Прыхільнікі дзейнай улады звычайна падтрымліваюць тое, што ў Беларусі знаходзяцца расійскія войскі. Аднак нават яны не лічаць, што трэба яшчэ нарасціць вайсковую прысутнасць рускіх у Беларусі.
Менш за палову апытаных лічаць Беларусь удзельніцай вайны ва Украіне. Часцей прыхільнікі ўлады кажуць, што Беларусь не датычная да вайны. Усяго такіх адказаў набралася 39%. Удзел Беларусі на баку Расіі прызнаюць 42%. Астатнія не вызначыліся.
Толькі 22% кажуць, што Беларусь — краіна-агрэсар. 54% не згодныя з гэтым, а 25% не ведаюць, як адказаць. Такія вынікі звязаныя з тым, што прапанаванне сваёй тэрыторыі для расійскіх войскаў не ўспрымаецца як удзел у вайне, адзначаюць даследчыкі Chatham House.
Апытаныя ў асноўным не хочуць агрэсіі ў адносінах да Украіны са сваёй тэрыторыі. Супраць гэтага 67%. За тое, каб расійскія ракеты білі з Беларусі па ўкраінскіх гарадах, 8%. Чвэрць рэспандэнтаў заявілі, што не могуць адказаць.
Чаканні: жыццё звычайнага чалавека стане бяднейшым і горшым
Эканамічныя перспектывы Беларусі ацэньваюцца негатыўна ці з вялікай доляй нявызначанасці. На стабілізацыю эканомікі ў найбліжэйшыя тры месяцы разлічваюць 16%. Палова апытаных не чакаюць стабільнасці, яшчэ 35% не могуць сфармуляваць чаканні.
Разлічваюць на тое, што хутка жыццё звычайнага чалавека стане лепшым, яшчэ менш. Аптымістаў знайшлося толькі 12%. Не чакаюць паляпшэнняў 58%, а 31% цяжка сказаць, чаго чакаюць.
Часцей за ўсё беларусы гавораць пра рост цэн у будучыні (71%), новыя больш жорсткія санкцыі (64%). З'явіліся чаканні дэвальвацыі (53%) і дэфіцыту прадуктаў (45%). Яшчэ 39% заявілі, што з Беларусі немагчыма будзе выехаць.
У Беларусі вялікі ўплыў СМІ Расіі
Нягледзячы на блізкасць вайны, 18% беларусаў зусім не сочаць за навінамі пра канфлікт ва Украіне.
Астатняя частка грамадства амаль раўнамерна падзялілася паміж незалежнымі і дзяржСМІ. Беларускія незалежныя СМІ чытаюць 43%, дзяржСМІ — 39%. Інфармацыю з незалежных расійскіх СМІ даведваюцца 38%, а з дзяржаўных СМІ суседкі — 36%. Украінскія крыніцы інфармацыі выкарыстоўваюць 37% апытаных.
— Жыхары Беларусі знаходзяцца ў розных інфармацыйных прасторах. Прыхільнікі дзейнага беларускага рэжыму чэрпаюць інфармацыю ў асноўным з беларускіх і расійскіх дзяржаўных СМІ. Праціўнікі дзейнай улады ў большасці сваёй чытаюць недзяржаўныя беларускія і расійскія СМІ, крыху ў меншай ступені ўкраінскія, — пішуць даследчыкі.
Меркаванні наконт таго, як беларусам варта сябе паводзіць у сітуацыі вайны паміж Расіяй і Украінай, таксама моцна адрозніваюцца ў залежнасці ад крыніц інфармацыі.
— Многія з тых, хто глядзіць расійскія СМІ, як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя, і беларускія дзяржаўныя СМІ, выступаюць за падтрымку дзеянняў РФ без уступлення ў ваенны канфлікт. Тыя, хто чэрпае інфармацыю з украінскіх СМІ, наадварот, часцей выступаюць за асуджэнне дзеянняў Расіі.
Аўдыторыя недзяржаўных беларускіх СМІ ў меркаванні падзяляецца на тых, хто выступае за асуджэнне дзеянняў Расіі, і тых, хто выступае за поўны нейтралітэт Беларусі з вывядзеннем замежных войскаў з тэрыторыі краіны.
Беларусам часта "цяжка адказаць"
Па многіх важных пытаннях значная частка беларусаў не змагла выказаць дакладнае меркаванне, выбраўшы варыянт "цяжка адказаць". Напрыклад, па розных пытаннях пра прысутнасць расійскіх войскаў у Беларусі ад 26% да 44% выбралі менавіта гэты адказ.
Такая самая рэакцыя была ў 32% рэспандэнтаў на пытанне, ці павінна Беларусь быць плацдармам для расійскіх войскаў пры нападзе на Украіну. Таксама чвэрці апытаных цяжка вызначыць, агрэсар Беларусь ці не.
Да размяшчэння ў Беларусі расійскай вайсковай базы 11% ставяцца з абыякавасцю, а 21% таксама не могуць адказаць на пытанне дакладна.
Адзінае пытанне, дзе цяжкасцяў не паўстала, — тэма ядзернай зброі. 80% адносяцца да магчымага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі адмоўна ці хутчэй адмоўна. Астатнія — станоўча ці хутчэй станоўча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.