Не страшнейшы? Што навукоўцы ведаюць пра "омікрон", які захоплівае свет
Лекар у пандэмію каранавіруса / Unsplash
Штам каранавіруса "омікрон" дамінуе ўжо ў многіх краінах свету. Калі гэта адбудзецца ў Беларусі — пытанне найбліжэйшага месяца, бо самым частым штам стаў у тым ліку ў многіх рэгіёнах у суседзяў.
Спачатку пра новы штам навукоўцы і лекары ведалі вельмі мала, але паступова звестак становіцца больш. Расказваем галоўнае пра "омікрон".
Няўжо менш небяспечны?
Неўзабаве пасля выяўлення "омікрона" з'явіліся звесткі пра тое, што ў цэлым ён менш небяспечны. Напрыклад, навукоўцы з ПАР з 1 кастрычніка да 6 снежня прааналізавалі звесткі аб 161 тысячы хворых у краіне. Да пачатку снежня "омікрон" быў у пераважнай большасці хворых.
Пры гэтым у пацыентаў з пацверджаным "омікронам" былі больш нізкія шанцы трапіць у лякарню. Рызыка цяжкага ходу хваробы таксама была прыкметна ніжэйшая, чым у тых, хто заразіўся "дэльтай". Зрэшты, навукоўцы меркавалі, што сярод прычын можна назваць і высокі папуляцыйны імунітэт.
Падобныя вынікі назіралі і амерыканскія навукоўцы, якія параўналі звесткі па 52 тысячах пацыентаў з "омікронам" і амаль 17 тысячах — з "дэльтай".
Цяпер лічбы: сярод тых, хто заразіўся "омікронам", у лякарню трапілі 0,5%, а "дэльтай" — 1,3%. Фактычна рызыка шпіталізацыі ніжэйшая на 53%, смерці — на (!) 81%. У цэлым у інфікаваных "омікронам" быў меншы час знаходжання ў лякарні і больш нізкая рызыка цяжкіх канцоў (уключаючы смерць).
NEW: Study on severity of those infected with the #OmicronVariant compared to the #DeltaVariant:
— Rochelle Walensky, MD, MPH (@CDCDirector) January 12, 2022
⬇️53% less risk of symptomatic hospitalization
⬇️74% less risk of ICU admission
⬇️91% less risk of death
0⃣Omicron patients required mechanical ventilation
https://t.co/to2swFYF5Q pic.twitter.com/LZYf0t3CGY
Хвалі (магчыма) сыходзяць
Апошнія звесткі з ЗША абнадзейваюць: рэзкі рост захваральнасці на каранавірус пачаў ісці на спад. Тут, як і ў ПАР, Вялікабрытаніі ці Францыі, з прыходам "омікрона" колькасць заражаных спачатку прыкметна вырасла, але цяпер гэтаксама раптоўна пачынае зніжацца.
Зніжэнне ўжо найбольш прыкметнае ў рэгіёнах, якія першымі прынялі на сябе ўдар "омікрона".
Што будзе далей, навукоўцы робяць здагадкі. Напрыклад, адзін з самых паважаных амерыканскіх інфекцыяністаў Энтані Фаўчы выказвае надзею, што каранавірус працягне развівацца ў бок больш распаўсюджанага, але менш небяспечнага патагену. Фактычна гэта б азначала, што вірус заставаўся б з намі заўсёды, але праз меншую небяспеку і высокі папуляцыйны імунітэт большасць пераносіла б яго лёгка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.