"Не выклікае сумненняў глыбіня нацыянальнай гісторыі Беларусі" — Лакіза
Вадзім Лакіза (з паднятай рукой) на гарадзішчы на Менцы
"У абсалютнай большасці навукоўцаў не выклікае сумненняў глыбіня нацыянальнай гісторыі Беларусі, — заявіў 13 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза. — Фундаментальная праца па гісторыі Беларусі, над якой мы працуем, таксама будзе пазначаная ў гэтым ключы. Археалагічныя даследаванні толькі дапаўняюць іншыя, напрыклад пісьмовыя, крыніцы, якія распавядаюць аб першых гістарычных формах беларускай дзяржаўнасці — Полацкім княстве, Тураве-Пінскім. А калі мы гаворым пра гісторыка-архітэктурныя аб'екты — тут наогул няма ніякіх сумневаў і пытанняў: храмы Турава, Пінска, Гродна — усё гэта аснова глыбокай гісторыі Беларусі".
З 2023 года Інстытут гісторыі праводзіць маштабныя археалагічныя раскопкі на рацэ Менка ў раёне вёскі Гарадзішча ў Мінскім раёне. Археолагі шукалі там больш звестак пра "самую раннюю гісторыю беларускай дзяржаўнасці". Пра неабходнасць такіх даследаванняў у чэрвені 2022-га заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Раскопкі павінны былі пацвердзіць, што летапісны Менск знаходзіўся менавіта там. І навукоўцы не падвялі. Вясной Лакіза аб'явіў, што драўніна з асновы вала гарадзішча на рацэ Менка адносіцца да Х стагоддзя: "...Такіх і такога ўзросту знаходак на тэрыторыі Усходняй Еўропы сёння больш няма!". Там плануюць стварыць музей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.