Небяспечны вірус mpox: як абараніцца і не дапусціць эпідэміі

Вірус воспы зноў распаўсюджваецца сярод людзей

Вірус воспы зноў распаўсюджваецца сярод людзей / vaccination-info.europa.eu

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўжо другі раз з ліпеня 2022 года звяртае ўвагу сусветнай супольнасці на воспу малпаў. Калі не прыняць мер, свет можа сутыкнуцца з новай эпідэміяй.

Эпідэміёлаг расказаў выданню "Новая газета. Европа" пра тое, чым небяспечны вірус і як ад яго абараніцца. Еўрарадыё пераказвае асноўныя моманты.

Што гэта за зараза?

У сусветных навінах хваробу называюць mpox — скарачэнне ад англійскага monkeypox, воспа малпаў. Гэта вірусная інфекцыя, якая прыйшла з Цэнтральнай Афрыкі і перадалася чалавеку ад жывёл.

Сімптомамі яна падобная да звычайнай воспы, калі на целе з'яўляюцца высыпанні ў выглядзе бурбалак і ўзнікае моцная агульная інтаксікацыя арганізма, ад якой чалавек можа памерці.

Асноўныя сімптомы воспы малпаў:

  • сып на скуры і слізістых цягам 2-4 тыдняў
  • слабасць
  • ліхаманка
  • боль у цягліцах
  • галаўны боль
  • павелічэнне лімфавузлоў

Заразіцца можна падчас непасрэднага кантакту з інфікаванымі людзьмі праз поціск рукі і дотык, пацалункі, а таксама пры ўзаемадзеянні з рэчамі, з якімі хворы чалавек быў у кантакце.

Цяжарныя жанчыны могуць перадаць вірус дзіцяці. Таксама інфекцыю можна падчапіць ад жывёл падчас палявання і раздзялення тушы або прыгатавання мяса.

Выпадкі заражэння рэгіструюцца па ўсім свеце. У чэрвені 2024 mpox фіксавалі ў 26 краінах, у асноўным у Афрыцы (567 выпадкаў) і Амерыцы (175 хворых). Менш за ўсё — у Еўропе (100), Паўднёва-Усходняй Азіі (11 выпадкаў) і краінах Ціхага акіяна (81 выпадак).

Ці дапаможа вакцына?

Тэмпы захворвальнасці пакуль не выклікаюць сур'ёзнай боязі, але навукоўцы звяртаюць увагу на інфекцыю менавіта для таго, каб не дапусціць яе далейшага распаўсюду і пазбегнуць абвяшчэння новай пандэміі ў свеце.

Але цяпер яна стала больш заразнай, таму магчымае пашырэнне кола інфікаваных людзей. Наколькі шырока — сказаць цяжка.

У захворванняў, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, такіх як грып або COVID-19, высокая заразлівасць. Хваробы, якія перадаюцца падчас цеснага кантакту, менш заразныя. 

Таму чалавек мае нізкую імавернасць заразіцца сіфілісам, калі ён устрымліваецца ад пэўных дзеянняў. Такая ж сітуацыя з mpox, — тлумачыць эпідэміёлаг.

Прафілактыка заключаецца ў выяўленні заражаных людзей і рэкамендацыі ім пазбягаць цесных кантактаў з іншымі на час лячэння.

Што выклікала трывогу дактароў?

Што выклікае ў навукоўцаў трывогу — дык гэта адаптацыя віруса. Ён стаў лягчэй распаўсюджвацца, а хвароба працякае цяжэй і стварае рызыку ускладненняў. Асабліва для ўразлівых груп: цяжарных, дзяцей, людзей з аслабленым імунітэтам.

Mpox не лечаць — арганізм змагаецца з вірусам сам, медыцына можа толькі падтрымаць яго. Спецыяльнай вакцыны ад воспы малпаў таксама няма, але пакуль медыкі выкарыстоўваюць прышчэпкі ад звычайнай воспы, бо вірусы падобныя. Але звестак пра тое, наколькі вакцынацыя дапаможа спыніць распаўсюд mpox, пакуль няма.

Да таго ж у свеце вельмі мала вакцыны ад натуральнай воспы. Абавязковую вакцынацыю СААЗ адмяніла яшчэ ў 1980 годзе, бо дзякуючы вакцынацыі і таму, што вірус у навакольным асяроддзі жыве не больш за два дні, хвароба ў свеце лічылася пераможанай.

Мутацыя віруса, відаць, прымусіць навукоўцаў перагледзець стаўленне да яго.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі