Немцы прапануюць 30 млн долараў за прозвішчы баевікоў, якія збілі Boeing
Даручэнне вывучыць абставіны трагедыі пасажырскага самалёта Малайзійскіх авіяліній атрымала бюро расследаванняў Wifka.
Нямецкія дэтэктывы гатовыя заплаціць 30 мільёнаў долараў за інфармацыю пра асобаў, якія збілі самалёт над Данбасам, а таксама пра таго, хто замовіў гэты тэракт. Грошы для ўзнагароджання захоўваюцца ў Швейцарыі. Яны будуць выплачаныя ў Цюрыху альбо ў любым іншым "нейтральным месцы". Больш таго, калі чалавек, які перадасць важную інфармацыю, захоча змяніць сваю асобу, яму дапамогуць гэта зрабіць.
Немцы абяцаюць поўную канфідэнцыйнасць, толькі просяць не перадаваць звесткі па электроннай пошце ці праз тэлефон. Больш падрабязна гл. тут.
Нагадаем, што Boeing 777 кампаніі Malaysia Airlines выконваў рэйс MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. Ён пацярпеў крушэнне ўвечары 17 ліпеня на Данбасе. На яго борце знаходзіліся 298 чалавек (большасць з іх — грамадзяне Нідэрландаў), усе яны загінулі. У першыя хвіліны пасля падзення авіялайнера прарасійскія баевікі паспелі паведаміць, што самалёт збілі менавіта яны.
Фота — ria.ru