Нераскрытай застаецца амаль палова злачынстваў

У адказе на запыт Еўрарадыё Следчы камітэт паведамляе, што раскрывальнасць злачынстваў у Беларусі расце. Калі ў 2011 годзе “эфектыўнасць устанаўлення асобаў, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, складала 50%”, то за такі ж перыяд 2014 яна вырасла на 6%. У 2012 годзе раскрывальнасць злачынстваў у Беларусі была роўная 53,6%.

Калі верыць статыстыцы Міністэрства унутраных спраў, то за 11 месяцаў 2014 года ў Беларусі адбылося 401 забойства, на 29 больш, чым за такі ж перыяд 2013 года. Больш за ўсё забілі людзей у Мінскай вобласці — 93 чалавекі. Менш за ўсё ў Гродзенскай — 38. У Мінску за такі ж час забілі 56 чалавек.

Пры гэтым амаль усе злачынствы раскрываюцца. Следчы камітэт паведамляе, што толькі 2% забойстваў і замахаў на забойства пакуль так і не былі раскрытыя.

А вось колькасць крадзяжоў у Беларусі за 11 месяцаў 2014 года скарацілася на 13%. Калі са студзеня па снежань 2013 у краіне было больш за 42 тысячы крадзяжоў, то за такі ж перыяд мінулага года міліцыя зарэгістравала толькі 36,6 тысячы. Часцей за ўсё кралі, зноў жа, у Мінскай вобласці — 7553 выпадкі. Радзей за іншых у Гродненскай вобласці — 3279 разоў. Пры гэтым толькі Мінская вобласць паказала рост такіх злачынстваў на 0,5%. Ва ўсіх іншых рэгіёнах краіны колькасць крадзяжоў паступова зніжаецца.

А вось раскрывальнасць крадзяжоў пакідае жадаць лепшага. За 11 месяцаў 2014 года праваахоўнікі здолелі раскрыць толькі 41,2% крадзяжоў. То бок больш за 21 тысячу крадзяжоў у 2014 засталіся нераскрытымі.

Агулам раскрывальнасць некаторых відаў злачынстваў за 11 месяцаў 2014 года ў Беларусі выглядае так:

Забойствы з замахамі — 98%

Крадзяжы — 41,2%

Рабаванні — 84%

Разбойныя нападзенні — 94,2%.

Фота "Радыё "Свабода".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі