Neuro Dubel атрымае ўзнагароду "За ўнёсак у беларускую музыку" ад калег па цэху

Neuro Dubel атрымае ўзнагароду "За ўнёсак у беларускую музыку" ад калег па цэху

26 траўня ў мінскім клубе ili адбудзецца пятая прэмія Rock Profi, у якой лепшых музыкаў 2016 года абіралі самі ж музыкі. Згодна з меркаваннем больш чым 50-ці творцаў, узнагароду "За ўнёсак у беларускую музыку" атрымаюць галоўныя панкі краіны Neuro Dubel.


"Нашаму гурту ўлетку споўніцца 28 гадоў, і мы дагэтуль ляцім, спяшаемся, запісваем. Мне здаецца, наш галоўны сакрэт даўгалецця ў тым, што мы ніколі не думалі, што гэта сур’ёзна і надоўга", ― распавядае лідар калектыва Аляксандр Кулінковіч.


Прэмію Rock Profi па галасах беларускіх музыкаў з 2013 года ладзяць Павел Юрцэвіч (клуб ili) і Зміцер Безкаравайны (Experty.by). У мінулыя гады ўзнагароду "За ўнёсак у беларускую музыку" па версіі Rock Profi атрымлівалі гурты "Ляпіс Трубяцкі" (2013), "Крама" (2014), N.R.M. у класічным складзе (2015) і этна-трыа "Троіца" (2016).


26 мая ў клубе ili будуць названыя пераможцы яшчэ ў пяці анмінацыях Rock Profi: "Лепшы альбом", "Лепшы запіс", "Лепшая песня", "Дэбют года", "Артыст года". Лідарамі па колькасці намінацый з’яўляюцца "Петля пристрастия" (чатыры) і Лявон Вольскі (тры). Сярод намінантаў таксама ― Mustelide, Shuma, Re1ikt, Naviband, Nizkiz, Brutto, "Дай дарогу!" і іншыя. 


На цырымоніі ўручэння ўзнагарод Rock Profi выступяць: True Litwin Beat, The Bangalors, Pink And Sweet. Цырымонія адбудзецца пры падтрымцы аркестра "18 Датчан". Пачатак мерапрыемства ў 20.00.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі