“Нейра Дзюбель” збірае сродкі на запіс свайго новага альбома “Першы”
Гурт “Нейра Дзюбель” збірае сродкі на запіс свайго новага альбома “Першы”. Пра гэта абвешчана на пляцоўцы talaka.by.
“Мы заўсёды шукалі сяброў, і цяпер просім у іх дапамогі. Хочам стварыць гэты прадукт разам. І дух калектывізму — гэта наш несур’ёзны дэвіз, — адзначаецца ў апісанні праекта. — Часы змяняюцца. У новым часе мы бачым новы альбом гурта. Створаны агульнымі сіламі. Самы лепшы. Першы”.
Гурт плануе пачаць запіс альбома зімой будучага года. Ужо гатовыя болей за дзясятак песень, а ўсяго іх плануюць зрабіць 14-15. Паводле стылю гэта будзе панк-рок “з элементамі ўсяго-ўсяго”. Музыкі абяцаюць, што альбом будзе “цяжкім, хуткім, але не без лірычных нотак”.
Галоўная песня альбома будзе беларускамоўнай і атрымае назву “Першы”.
На запіс альбома “Нейра Дзюбель” збірае 10 тысяч рублёў. Калі сума атрымаецца большай, то ў дадатак да запісу, выдання альбома і стварэння элементарнай атрыбутыкі, гурт паспрабуе стварыць відэаролікі да песень.
Самыя шчодрыя ахвяравальнікі, якія перавядуць на праект па 50 рублёў, атрымаюць па 2 дыскі “Нейра Дзюбель” з аўтографамі музыкаў і налепку на аўто.