Ніякіх замежных фірмаў — Лукашэнка пра новыя парадкі ў пасажырскіх перавозках
Аўтамабілі таксі ў Мінску
У Беларусі будзе створаны рэестр легальных перавозчыкаў, дыспетчараў і іншых удзельнікаў рынку, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі. Гэта прадугледжваецца праектам указа, які абмяркоўвалі ў аўторак на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. "Гэта значыць, табе дазволілі перавозіць людзей таксі і маршруткамі, ты ў рэестры — ідзі і вазі. Правілы будуць таксама ўсталяваныя. Калі цябе там няма і, не дай бог, ты займаешся гэтымі перавозкамі — да Кубракова і да Тэртэля (кіраўніка МУС і КДБ). Самым жорсткім чынам трэба спыняць гэта", — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. Ён папярэдзіў, што ўсе перавозчыкі, якія не трапяць у рэестр, працаваць не змогуць — іх "дзейнасць будзе выяўляцца і спыняцца кантрольнымі органамі".
Дакумент таксама прадугледжвае, што інтэрнэт-агрэгатары ў сферы пасажырскіх перавозак павінны размясціць свае інфармацыйныя сістэмы на тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка запатрабаваў, каб гэтая норма запрацавала ўжо да Новага года. "Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірмаў. Гэта няўхільныя патрабаванні дзяржавы як гаранта забеспячэння бяспекі, абароны персанальных звестак, спынення супрацьпраўных дзеянняў", — заявіў ён.
Нагадаем: інфармацыя пра тое, што ў Беларусі хочуць узмацніць кантроль за кіроўцамі і пасажырамі таксі, з'явілася яшчэ летам. Тады праект указа "Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў" быў вынесены на абмеркаванне. У дакуменце якраз і гаварылася пра стварэнне "Рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах". Акрамя таго, нормы ўказа абавязвалі дыспетчараў адкрыць кругласутачны доступ да інфармацыі аб замовах сілавым органам. І гэтую інфармацыю трэба захоўваць на працягу пяці гадоў. Меркавалася, што асноўныя палажэнні ўказа ўступяць у сілу з 1 студзеня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.