Кватэру Сяргея Ціханоўскага выставілі на аўкцыён

Кватэра Ціханоўскага / сайт БелЮрзабеспячэння
Кватэра Ціханоўскага / сайт БелЮрзабеспячэння

"БелЮрзабеспячэнне" выставіла на аўкцыён трохпакаёвую кватэру ў Мінску на праспекце Незалежнасці 137/2. Агульная плошча складае 66 квадратных метраў. Як заўважыла газета "Новы час", у якасці ўладальніка пазначаны Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі.

Паведамляецца, што ў кошт лота ўваходзіць "убудаваная секцыйная мэбля для кухні з варачнай панэллю gorenje, ракавінай і змяшальнікам, з сістэмай ачысткі вады, убудаваная шафа-купэ з МДФ, вітрына са шкла і 2-х люстэркаў".

Пачатковы кошт — 214 860 рублёў. Аўкцыён прызначаны на 6 сакавіка.

Праўда, пазначана, што ў кватэры ёсць "абмежаванні ў распараджэнні нерухомай маёмасцю". Але абяцаюць, што іх здыме аддзел прымусовага выканання "па выніках продажу лота".

Таксама ў кватэры ёсць "зарэгістраваныя асобы, у тым ліку непаўналетнія".

Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З яго і яшчэ пяцярых палітвязняў, якія ішлі з ім па адной справе пастанавілі спагнаць кампенсацыю ў памеры каля аднаго мільёна долараў.

Жонка Ціханоўскага Святлана (якая паводле неафіцыйных вынікаў выйграла выбары 2020 года) з непаўналетнімі дзецьмі знаходзіцца за межамі Беларусі і з'яўляецца лідаркай дэмакратычных сілаў.

Кватэру Сяргея Ціханоўскага выставілі на аўкцыён
Кватэру Сяргея Ціханоўскага выставілі на аўкцыён

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.