Новая сусветная вайна ці проста шум у навінах: чаго чакаць ад выбуху ў Польшчы

Выбух у Польшчы — новае выпрабаванне для свету і палітыкаў / калаж Улада Рубанава
Выбух у Польшчы — новае выпрабаванне для свету і палітыкаў / калаж Улада Рубанава

Ракетны удар па тэрыторыі Польшчы, у выніку якога загінулі два чалавекі, выклікаў шмат пытанняў. Чыя ракета? Хто вінаваты? Чым адкажа NATO? МЗС Польшчы заявіў, што ракета расійская, канцлер Германіі Олаф Шольц абвінаваціў у трагедыі Расію, а прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон сказаў, што пакуль немагчыма назваць адказных.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, што гэта было і чым цяпер можа адказаць NATO і Польшча ў прыватнасці.
 

“Гэта не можа быць памылкай”

Новая сусветная вайна ці проста шум у навінах: чаго чакаць ад выбуху ў Польшчы
Наступствы выбуху ў Польшчы / Onet.pl

Пакуль не будзе вынікаў паўнавартаснага расследавання, казаць стоадсоткава, што адбылося, нельга, адзначае ўкраінскі вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.

Але ёсць прыкметы, што было выкарыстанне Расіяй ракет авіяцыйнага або марскога базавання па тэрыторыі Польшчы. З якой мэтай — іншае пытанне, — кажа эксперт. — Таму па парадку. Па-першае, свядома было выкарыстана дзве ракеты [МЗС Польшчы піша пра ракету расійскай вытворчасці, польскія СМІ пісалі пра дзве ракеты. — Еўрарадыё]. То бок ракеты зайшлі ў паветраную прастору Польшчы на сем кіламетраў і абедзве трапілі ў адну лакацыю. Гэта не можа быць нейкай памылкай аператара, памылкай траекторыі ракет.

Удар прыйшоўся на Пшэводув, які недалёка ад украінскай мяжы, але адхіленне ракет на кіламетры малаверагоднае, лічыць суразмоўца.

Калі мы кажам пра ракеты Х-101 і крылатыя ракеты “Калібр”, а ёсць верагоднасць, што гэта менавіта яны, то, па афіцыйных характарыстыках, іх адхіленне ад мэты — пяць-дзесяць метраў. Адхіленне на сем кіламетраў нерэальна.

Новая сусветная вайна ці проста шум у навінах: чаго чакаць ад выбуху ў Польшчы
Будаванне плота на мяжы Польшчы з Калінінградскай вобласцю / Agencja Wyborcza.pl / Reuters / Scanpix / LETA

Як на інцыдэнт адкажа Польшча ці ўвогуле NATO, залежыць ад вынікаў расследавання.

Сапраўды, можа узняцца пытанне канфрантацыі зусім іншага ўзроўня. Хаця было ўжо даўно зразумела, што так ці інакш пытанне бяспекі краіны NATO будзе паднята. Таму што гэты выпадак не першы. На пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, расійскія БПЛА заходзілі таксама ў паветраную прастору краін NATO. Ахоўныя меры павінны разглядацца, — кажа Аляксандар Каваленка.

На думку палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, гэты інцыдэнт яшчэ не новы “чорны лебедзь” для свету. 

Новая сусветная вайна ці проста шум у навінах: чаго чакаць ад выбуху ў Польшчы
З пачатку вайны Украіна просіць больш сродкаў СПА / AP

Ваеннага удара па Расіі з боку  NATO чакаць не варта, але будзе радыкальнае павелічэнне паставак ва Украіну супрацьпаветранай абароны, лічыць Цыганкоў.

Падобнае меркаванне ў палітолага Паўла Усава:

Так ці інакш гэта можа змяніць канфігурацыю вайны. Як мінімум краіны NATO ў бліжэйшы час будуць узмацняць сістэму СПА Украіны.

Аналітык Ігар Тышкевіч лічыць, што Украіна можа атрымаць не толькі зброю, але і магчымасць страляць ёй па расійскай тэрыторыі. Цяпер заходнія партнёры дапамагаюць Украіне зброяй пры ўмове, што яна не будзе выкарыстоўвацца на тэрыторыі Расіі.

Перадача вайсковай тэхнікі, сродкаў паражэння, якія могуць паражаць мэты ў глыбокім тыле праціўніка, гэта прытармажвалася. Цяпер, як мінімум, сістэмы СПА пойдуць у большых аб’ёмах. Было пытанне палітычнае, ці перадаваць Украіне самалёты, вось цяпер гэтае пытанне можа вырашыцца. І вельмі важнае пытанне па сродках паражэння. Тут вялікае прывітанне гораду Севастопалю, Керчы, Белгараду і, магчыма, Растову. Таму што, калі паражаць мэты ў глыбокім тыле, ёсць верагоднасць, што паражаецца часткова інфраструктура запуска [ракет. — Еўрарадыё].

Польшча ўдакладняла абставіны, падчас якіх можна задзейнічаць 4-ы і 5-ы артыкулы NATO супраць Расіі. Але 5-ы артыкул наўрад ці будзе задзейнічаны, бо частка еўрапейскіх палітыкаў, у прыватнасці з Францыі і Германіі, імкнуцца пасадзіць Украіну за стол перамоваў з Расіяй, а не павялічваць напружанне, адзначае Тышкевіч. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі