"Новы закон фактычна пазбаўляе ўкраінскую мову статуса дзяржаўнай"
Дэпутат Аляксандр Доній тлумачыць, чым украінскі закон пра рэгіянальныя мовы адрозніваецца ад еўрапейскіх і да чаго прывядзе яго прыняцце.
Еўрарадыё: Ці азначае ўхваленне закона аб рэгіянальных мовах у першым чытанні, што руская мова вяртаецца і зноў пачынае панаваць ва Украіне?
Аляксандр Доній: Такіх законаў няма ў Еўропе. Гэты закон de facto нішчыць дзяржаўную мову. Разам з афіцыйным захаваннем украінскай мовы як дзяржаўнай, гэты закон скасоўвае змест яе дзяржаўнага статусу. Украінскія ўлады хочуць стварыць падобную сітуацыю як у Беларусі, дзе нібыта дзве дзяржаўныя мовы, але ж насамрэч не выпадае казаць, што гэтыя мовы раўнапраўныя і карыстаюцца роўнай дзяржаўнай падтрымкай. Не ўсё проста з гэтым законам. Справа у тым, што сацыяльная палітыка ўраду Януковіч-Азарава – правальная. Расчараваліся гэтай ўладай не толькі ў тых рэгіёнах, дзе галасавалі за апазіцыю, але і ў рэгіёнах Усходу і Поўдня, якія арыентаваныя на Расію і галасавалі на Януковіча і Партыю Рэгіёнаў. І Партыя Рэгіёнаў жадае вяртаць назад гэтае рускае нацыяналістычнае ядро, раскідваючы моўную карту. Каб гэта зрабіць, яны зацікаўленыя не проста хутка прасунуць гэты закон, яны арыентуюцца на вечную ўладу. Яны хочуць два тэрміны Януковіча, потым два тэрміны Януковічавага сына (пра гэта прагаварыўся адзін з лідараў фракцыі, спадар Чэчатаў), а для гэтага ім трэба вярнуць электаральнае ядро. Мы разумеем усю падступнасць і ганебнасць расколвання краіны паводле моўнай прыкметы, што хочуць цяпер пракруціць рэгіяналы, але, тым не менш, украінскай мове патрэбная ахова, і калі мы не будзем бараніць яе – тады яе даб’юць намнога хутчэй.
Еўрарадыё: Што будзе фактычна адбывацца? Па-першае, чыноўнікі пачнуць пераходзіць на рускую мову. Што будзе ў сістэме адукацыі?
Аляксандр Доній: Я добра прааналізаваў гэты закон. Рэгіянальная мова ўводзіцца там, дзе больш за 10% насельніцтва на ёй размаўляюць. На рускай мове больш за 10% насельніцтва размаўляе фактычна ва ўсёй Украіне. Украінская мова перастае быць абавязковай у сферы адукацыі, у сферы кінематаграфіі. Кіно цяпер можа выходзіць на ўкраінскай мове “або на рэгіянальнай”, як там напісана. Ясна, што і дыстрыбутар будзе зацікаўлены, выходзіць на расійскі рынак, і людзі, якія займаюцца дубляваннем. Сэнсу рабіць украінскую версію бізнэсмэнам-непатрыётам цяпер не будзе. Там ёсць пункт аб рэкламе, шмат розных пунктаў, якія рэгламентуюць забіццё ўкраінскай мовы на ўсіх тэрыторыях, дзе дзейнічае рэгіянальная мова. А там вельмі дакладна прапісана, што такое “рэгіён”: гэта – вобласць, раён, горад, мястэчка або сяло. Гэта значыць, што пад гэтую тэхналогію пападае фактычна ўся тэрыторыя Украіны.
Еўрарадыё: Ці ёсць магчымасць неяк абараніцца ад гэтага закона? Быць можа, актыўная частка грамадства аб’яднаецца супраць яго прыняцця?
Аляксандр Доній: Цяпер некалькі дзеячаў культуры звярнуліся да Таварыства ўкраінскай мовы, каб стварыць Усеўкраінскі камітэт па падтрымцы ўкраінскай мовы. Відавочна, што мы створым структуры па ўсёй Украіне, якія будуць не толькі бараніць украінскую мову, але і рабіць прадукт на ўкраінскай мове.
Еўрарадыё: Ці будуць дзеці, студэнты, якія ніколі не сустракаліся з рускай мовай у сістэме адукацыі, дамагацца свайго права, працягваць адукацыю па-ўкраінску?
Аляксандр Доній: На чале Міністэрства Адукацыі Украіны стаіць расійскі нацыяналіст Дзмітрый Табачнік, і за час свайго кіравання міністэрствам ён зрабіў столькі спроб русіфікацыі, што адукацыя і так ужо вельмі русіфікаваная. Былі скасаваныя абавязковасць украінскай мовы на дзяржаўных экзаменах для бакалаўраў, абавязковая украінская мова для замежнікаў. Была прынятая серыя мер па дэўкраінізацыі, якая дазваляе русіфікаваць універсітэты. Цяпер у моўным законе ёсць яшчэ пункт, што мова адукацыі будзе залежаць ад кіраўніцтва навучальнай установы. Калі на чале будуць пастаўленыя расійскія нацыяналісты – відавочна, што навучанне будзе адбывацца на рускай мове.
"Мова - не перадвыбарчая цацка", "Украіне - адзіную нацыянальную мову"; http://poltavanews.com.ua
Фота: facebook.com, Vitalii Strutynskyi