Новы закон: Турма за пераслед іншамоўных альбо перашкоду працы Цэнтрвыбаркама
Палата прадстаўнікоў прыняла праект закона, які прадугледжвае ўвядзенне ў Крымінальны кодэкс адказнасці за экстрэмізм, яшчэ 4 красавіка. Выступаючы перад дэпутатамі, старшыня КДБ Валерый Вакульчык тады тлумачыў, што змены неабходныя, бо Крымінальны кодэкс не ўтрымлівае ніводнай нормы, якая прадугледжвае адказнасць за экстрэмізм. І вось яны адбыліся. Што там новага?
1. Артыкул "Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання"
"…караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дзесяці гадоў", — гаворыцца ў законе.
Але ёсць выключэнне. Калі той, хто нейкім чынам замяшаны ў дзейнасць экстрэмісцкага фарміравання, паведаміць аб гэтым у дзяржаўныя органы альбо нейкім чынам сам перашкодзіць экстрэмістам, ад адказнасці такі чалавек вызваляецца.
2. Артыкул "Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання"
Цалкам ён гучыць так: "Прадастаўленне або збор грашовых сродкаў, каштоўных папер або іншай маёмасці, у тым ліку маёмасных правоў і выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, любым спосабам для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання караюцца арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў".
Тут таксама выключэнне будзе для тых, хто своечасова паведаміць аб чорных планах куды трэба. Альбо неяк нашкодзіць перадачы грошай экстрэмістам.
3. Артыкул "Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу"
Ён падзелены на дзве часткі. Першая згадвае ўдзел грамадзян Беларусі (а таксама асобаў без грамадзянства) ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы на баку аднаго з узброеных бакоў. Пры гэтым ёсць цікавая акалічнасць: караецца такая дзейнасць тады, калі яна вядзецца без упаўнаважання дзяржавай і нават "пры адсутнасці прыкмет злачынства". За гэта з 1 траўня могуць даць да пяці гадоў абмежавання волі альбо ад двух да пяці пазбаўлення.
Другая частка датычыць вярбоўкі патэнцыйных баевікоў на тэрыторыі Беларусі. "Вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка альбо выкарыстанне грамадзян Рэспублікі Беларусь (...) для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці..." Пакаранне тут значна больш жорсткае, чым у першай частцы: пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў.
4 "Кактэйлі Молатава"
З 1 траўня трэба быць асцярожным з рэчывамі і прадметамі, з якіх можна зрабіць знакаміты "кактэйль Молатава". Улічваючы тое, што інгрэдыенты для яго з лёгкасцю знойдуцца ў любым гаражы, гэтае новаўвядзенне тэарэтычна можа закрануць палову насельніцтва краіны. Артыкул "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў", уводзіць адказнасць за іх набыццё, захоўванне, перадачу іншым людзям, а таксама за перамяшчэнне. Пакаранне тут можа быць самым разнастайным — ад штрафу да пазбаўлення волі на два гады.
5. Распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі
"Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць, а таксама выраб, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства", цяпер можа вам дорага каштаваць у прамым сэнсе гэтага слова. Да 20 базавых, калі вы фізічная асоба, да 50 — калі вы іпэшнік. Юрыдычным асобам — увогуле да 200 б.в.
Яшчэ ёсць нюанс з так званым афіцыйным рэспубліканскім спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яго нядаўна чарговы раз друкавала газета "Звязда". Там штрафы да 50 б.в. для фізічных асобаў, да 100 — для іпэшнікаў, а для кампаній — нават да 500. А нюанс у тым, што ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ёсць, напрыклад, альбом "Прэс-фота Беларусі 2011". Так што ўважліва перагледзьце свае паліцы.
Бонус: Што такое экстрэмізм на думку беларускіх уладаў?
Поўны спіс ёсць у тэксце закона. Публікуем яго асноўныя моманты:
1. Гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу або тэрытарыяльнай
цэласнасці Рэспублікі Беларусь.
2. Захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
3. Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, экстрэмісцкай арганізацыі, экстрэмісцкай групы.
4. Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання.
5. Ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці.
6. Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.
7. Арганізацыя і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеянняў і актаў вандалізму па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці.
8. Прапаганда выключнасці, перавагі альбо непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай прыналежнасці.
9. Прапаганда і публічнае дэманстраванне, выраб і распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі.
10. Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама іх выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтамі распаўсюду.
11. Перашкода законнай дзейнасці дзяржаўных органаў, у тым ліку Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і іншых выбарчых камісій.
12. Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, іншая дапамога ў яе ажыццяўленні, у тым ліку шляхам прадастаўлення нерухомай маёмасці, сродкаў сувязі, навучальных, паліграфічных, іншых сродкаў або інфармацыйных паслуг.