Някляеў не адмаўляе, што яго зноў могуць пасадзіць
Уладзімір Някляеў расказвае, ці задаволіцца нашая ўлада, калі ён не вернецца з Польшчы. А таксама разважае, ці згубіў ЕС надзею наладзіць дыялог з Лукашэнкам.
28 верасня ўвечары ў кватэру экс-кандыдата ў прэзідэнты, лідэра кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яны ўручылі жонцы палітыка Вользе позву для Някляева з патрабаваннем з'явіцца 29 верасня ў Ленінскае РУУС Мінска.
Еўрарадыё: Сыходзячы з таго, што вы знаходзіцеся ў Варшаве, вы не пайшлі па гэтай павестцы?
Някляеў: Не здолеў, хай ужо прабачаць мне ў гэтым пастарунку.
Еўрарадыё: З чым вы звязваеце гэтую павестку?
Някляеў: Цяпер я яе атрымаў, бо мне ж забаронены выезд нават з Мінску. І яны дзеля таго, каб гэта забараніць нават наладзілі яшчэ адзін суд, ім мала было таго суда, які прайшоў у траўні. І цяпер яны, карыстаючыся тым прыгаворам, які вызначыў гэты суд, магчыма, збіраюцца мяне пасадзіць. Не аднойчы мне казалі, што пры парушэнні гэтага выраку, я буду вернуты “туды, адкуль вас добрая ўлада, пашкадавала і выпусціла”.
Еўрарадыё: Вы паехалі ў Варшаву, разумеючы, што гэта можа пагражаць вам турэмным зняволеннем?
Някляеў: У Варшаве праходзіць саміт Усходняга партнёрства, на якім я зараз і знаходжуся. Гэта вельмі важная падзея і для маёй краіны, для маёй Беларусі. І я хацеў бы, дарэчы, каб тут была афіцыйная дэлегацыя беларуская, якая б удзельнічала ў гэтым саміце і якая б зрабіла ўсё дзеля таго, каб знайсці нейкія прэферэнцыі для Беларусі, нейкія праекты, якія б дапамагалі сёння нам выходзіць з таго крызісу, з таго жудаснага стану, у якім мы знаходзімся.
Дзеля гэтага трэба было выканаць умовы Еўразвяза. Яны не такія складаныя – выпусціць усіх палітвязняў і зрабіць нейкія крокі да таго, каб змяніць выбарчы закон, па якім ніхто не выбіраецца, а прызначаецца. Гэта не такія цяжкія і невыканальныя ўмовы. І калі б гэтая ўлада, Лукашэнка найперш, насамрэч хацеў бы дабра краіне, каб ён думаў пра нас з вамі, ён бы гэта выканаў. Сёння б усе палітвязні былі на волі і пачаліся б нейкія крокі да дэмакратызацыі краіны.
Але гэтага не зроблена, бо клопаты гэтай уклады толькі пра саму сябе. Я вельмі расчараваны тым, як сябе сёння паводзіць улада, як яна непрыгожа глядзіцца з усіх бакоў - выкручваецца зноў, хітруе. Ні да чаго гэта не прывядзе, калі не будзе нармальнага палітычнага дыялогу, то нічога не будзе добрага ні для Беларусі, ні для гэтай улады.
Еўрарадыё: Ці не баіцеся вы, што калі вернецеся ў Беларусь, то вас проста пасадзяць у турму?
Някляеў: Могуць пасадзіць. Улада робіць з людзьмі тое, што хоча. Па-першае, я не разумею, на што яны публічна ўсё гэта зрабілі, малі б дачакацца і пасадзяць мяне, што называецца, ціха.
Еўрарадыё: Можа яны шукаюць фармальную падставу.
Някляеў: Я думаю, што яны гэта робяць дзеля таго, каб інфармацыя дайшла да мяне, і каб я тут застаўся. Я думаю, што зараз і працуюць і з Саннікавым, і са Статкевічам, і з Дашкевічам больш не ў тым накірунку, каб яны там напісалі просьбу пра памілаванне. Яны разумеюць, што гэтыя людзі ніколі гэтага не зробяць. І, магчыма, вось такой умовай іх выезд за мяжу ў нейкі палітычны прытулак у нейкай краіне. Гэта было б вельмі добрым вырашэннем праблемы палітвязняў для Лукашэнкі. І калі я б зараз з Польшчы не вярнуўся, гэта таксама было б проста найлепшым вырашэннем для іх.
Еўрарадыё: Але вы не згуляеце ў прапанаваную вам гульню, і ўсе ж вернецеся ў Беларусь. Можа, яшчэ колькі словаў пра Форум, які праходзіць у Варшаве. Вы кажаце, што моцна расчараваны гэтым Форумам?
Някляеў: Я расчараваны тым, што ён для Беларусі нічога не дасць. Тут усе краіны Усходняга партнёрства прадстаўленыя на вышэйшым узроўні, а ад Беларусі нават спадар міністр не прыехаў. Я нават пакуль не бачу і спадара Гайсёнка. Нейкая інфармацыя прайшла, што яны нават тым статусам, які прапанавалі амбасадару Беларусі ў Польшчы не задаволеныя. Слухайце, але скарыстоўвайце любую магчымасць, ні ў гэтай сітуацыі гонар паказваць, краіна падае на самае дно”.
Еўрарадыё: Вы мяркуеце, што гэта справа гонару? Можа, Мартынаў не паехаў таму, што яму проста няма што прапанаваць?
Някляеў: Зразумела. Ён бы выйшаў зараз на трыбуну і зноў бы пачаў маніць, а гэтага ўжо ніхто не жадае слухаць.
Еўрарадыё: Гэта падобна на публічную дэманстрацыю нежадання размаўляць з Еўропай. Напярэдадні гэтага саміту акурат Польшча заяўляла пра тое, што, маўляў, мы пераканалі нават Нямеччыну запрасіць Мартынава, маўляў, іншым краінам не хацелася, а мы думаем, што мы можам быць медыятарамі у перамовах.
Някляеў: І гэта праўда. Вялікія высілкі прыклала Польшча і польскае Міністэрства замежных спраў і прэм’ер-мінстр Польшчы, каб паспрабаваць наладзіць на гэтым саміце дыялог, каб неяк яго распачаць. Еўрапейская дэмакратыя не страчвае надзеі на тое, што ўлада беларуская, Лукашэнка можа на гэта пайсці. І ўсе гэтыя высілкі, усе добрыя памкненні гэтых людзей нічога ні для каго не вартыя. Зразумела, чаму, сёння вельмі хораша выступаючы пры адкрыцці Форуму, сказаў Радаслаў Скікорскі: “Лукашэнка хоча браць грошы на Захадзе, а сістэмай карыстацца Ўсходняй”. Яно насамрэч так.