Нямеччына не будзе атакаваць Сірыю
Пра гэта заявіла канцлер Ангела Меркель.
Паводле яе слоў, Нямеччына магла б удзельнічаць у вайсковай аперацыі, якую плануюць ЗША ў сувязі з магчымым выкарыстаннем хімічнай зброі ў Сірыі, толькі пры наяўнасці "мандата NATO, ААН ці еўрапейскага мандата".
Ангела Меркель адзначыла, што Нямеччына спрабуе ажывіць працэс прыняцця рашэння па Сірыі ў Савеце бяспекі ААН, паведамляе РІА "Новости".
Нагадаем, улады ЗША на мінулым тыдні апублікавалі скарочаную версію даклада з дадзенымі выведкі, у якім на рэжым Башара Асада ўскладаецца адказнасць за хімічную атаку ў прыгарадзе Дамаска 21 жніўня. Тады загінула больш за тысячу чалавек.
Белы дом накіраваў у кангрэс праект дакумента па Сірыі. Такім чынам, Барак Абама фармальна зрабіў запыт на ўхваленне вайсковай аперацыі ў палаты прадстаўнікоў і сената. Намер атакаваць Сірыю падтрымала Францыя, а парламент Вялікабрытаніі выказаўся супраць.
Фота — ria.ru