Няякасную расійскую тушонку выявілі ў крамах Гомельшчыны
Няякасную расійскую тушонку выявілі ў крамах Гомельскай вобласці спецыялісты абласной інспекцыі Дзяржстандарту, паведамляецца на сайце арганізацыі.
Гэта кансервы "Свініна тушаная вышэйшы гатунак" гандлёвай маркі "Невероятно Dешево" расійскага вытворцы ТАА КМПЗ "Балтпраммяса". Спецыялісты Дзяржстандарту кажуць, што інфармацыя на ўпакоўцы ўводзіць спажыўца ў зман, недакладна характарызуе прадукт і не дазваляе ідэнтыфікаваць яго па найменні.
Паведамляецца, што тавар не адпавядае тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза "Аб бяспецы мяса і мясной прадукцыі". На ўпакоўцы паведамляецца, што ў бляшанцы знаходзяцца кавалкавыя кансервы. Паводле рэгламенту, гэта мусяць быць кансервы, вырабленыя з інгрэдыентаў, здробненых на кавалкі масай звыш 30 г. Аднак у разагрэтым стане змесціва слоікаў уяўляе бясформенную масу ў выглядзе фаршу з наяўнасцю трох-чатырох кавалачкаў мяса менш за 30 г у булёне.
Інспекцыя Дзяржстандарту забараніла гэтую партыю прадукцыі на беларускім рынку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.