Па новым законе аб СМІ пракуратура вынесла 10 папярэджанняў журналістам

Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі паўгадавога дзеяння Закона “Аб СМІ”. Намеснік кіраўніка БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец пазітыўным момантам назваў тое, што дзеянне гэтага закона прыпыніла распрацоўку пастановы “Аб рэгуляванні Інтэрнэт-рэсурсаў”. А таксама лібералізаваліся падыходы да рэгістрацыі і перарэгістрацыі СМІ.

Але побач з пазітывам, Бастунец звярнуў асаблівую ўвагу на негатыўныя бакі дзеяння новага закону. Перш за ўсё, гэта тычыцца магчымасцяў атрымання журналістамі інфармацыі.

Андрэй Бастунец: “За апошні год пагоршылася заканадаўства ў сферы доступу СМІ да інфармацыі. Былі ўнесеныя змены ў закон “Аб дзяржаўнай службе”, згодна з якім дзяржаўныя службоўцы могуць выступаць у СМІ толькі пасля ўзгаднення гэтага з кіраўнікамі дзяржаўных органаў. І ўказ прэзідэнцкі №65 “Аб удасканаленні працы дзяржаўных органаў са сродкамі масавай інфармацыі” звёўся да таго, што ў гэтых органах вызначаныя асобы, якія падпарадкаваныя непасрэдна кіраўнікам гэтых арганізацый і мусяць даваць СМІ афіцыйную, адфільтраваную інфармацыю”.

Не стала лепш і сітуацыя з акрэдытацыяй журналістаў. Па словах Андрэя Бастунца, на працягу паўгода пракуратура вынесла 10 папярэджанняў журналістам, якіх абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежнымі СМІ. На думку юрыста, такім чынам пракуратура сама парушае закон.

Андрэй Бастунец:
“Пракуроры чытаюць адзін артыкул закона “Аб СМІ” і не чытаюць другога. Яны чытаюць, што дзейнасць на тэрыторыя Беларусі замежным журналістам без акрэдытацыі забаронена, але не чытаюць вызначэнне таго, хто лічыцца журналістам замежных СМІ. А ў законе запісана, што такімі лічацца тыя, хто знаходзіцца ў штаце замежных СМІ. Ніхто не правярае: знаходзіцца ў штаце беларускі журналіст ці не”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі