Пад санкцыі ЕС трапілі беларускія чыноўнікі і вайскоўцы
ЕС прыцягвае да адказнасці за ўварванне ва Украіну
12-ты пакет санкцый Еўрасаюза супраць РФ закрануў і рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Пад санкцыі ЕС трапілі беларускія чыноўнікі і вайскоўцы — 12 чалавек. У "чорны спіс" уключаныя:
першы намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Алег Мішчанка — "за павелічэнне паставак узбраення і вайсковай тэхнікі ў Расію"; намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў — "за прасоўванне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй"; начальнік 230-га агульнавайсковага палігона ў Баранавіцкім раёне Аляксей Лабко — "за падрыхтоўку на палігоне мабілізаваных расіян"; першы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Павел Муравейка — "за забеспячэнне развіцця рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі"; начальнік Дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Валерый Равенка — "за арганізацыю і рэалізацыю вайсковага супрацоўніцтва з Расіяй"; старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю, член Савета бяспекі Васіль Герасімаў — "за забеспячэнне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй"; начальнік 174-га навучальнага палігона вайскова-паветраных сіл і войскаў СПА Віталь Яфанаў — "за падрыхтоўку расійскіх мабілізаваных"; камандзір 61-й авіябазы ў Баранавічах Леанід Давідовіч — "за прадастаўленне базы для запуску ракет па Украіне"; намеснік начальніка Генштаба Узброеных сіл Беларусі Сяргей Лагадзюк — "за арганізацыю і рэалізацыю вайсковага супрацоўніцтва з Расіяй"; начальнік Гомельскага філіяла дзяржпрадпрыемства "Белаэранавігацыя" Уладзімір Чаравухін — "за прадастаўленне гомельскага аэрапорта для самалётаў паветрана-касмічных сіл Расіі"; намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі Вячаслаў Расалай — "за перадачу Расіі ўзбраення і вайсковай тэхнікі для вайны ва Украіне", Аляксандр Дакучыц, начальнік брэсцкага філіяла "Белаэранавігацыі".
Агулам у "чорны спіс" ЕС трапілі 61 чалавек і 86 кампаній. Пад санкцыі таксама трапіла ўраджэнка Віцебска Галіна Кацюшчанка, якая кіруе "выбарчай камісіяй" у акупаванай частцы Запарожскай вобласці Украіны.
Расію, а разам з ёй і РБ, працягваюць прыцягваць да адказнасці за ўварванне ва Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.