Пад Віцебскам разбурылі старажытнае гарадзішча (фота)

Яго раскапалі ў часе пабудовы станцыі абезжалезвання, побач з вёскамі Сялюты і Шапуры. Пра разбурэнне археалагічнага помніка “Народным навінам Віцебска” паведамілі мясцовыя жыхары. Калі карэспандэнт прыехаў на месца, то ўбачыў, што пагорак на правым беразе Лучосы недалёка ад Сялюцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, на якім знаходзіцца гарадзішча (а на заходнім схіле і селішча I тысячагоддзя да нашай эры) зрэзаны ці не напалову. Паўсюль на адвалах выкінутага грунту валяюцца чалавечыя чарапы і іншыя косткі шкілета.



Гэтае гарадзішча было знойдзена ў 1956 годзе. Яго, а таксама паселішча, у 1972 годзе даследаваў Георгій Штыхаў, а ў 1981 — Леанід Калядзінскі. У культурным пласце 0,4 метры селішча знойдзена ляпная і ганчарная кераміка.



Цікава, што і гарадзішча, і селішча, як гісторыка-культурныя каштоўнасці, унесеныя ў “Праграму захавання гісторыка-культурнай спадчыны Віцебскага раёна на 2012-2015 гады”. Гэта праграма між іншага прадугледжвае забяспячэнне кантролю за выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Згодна з дакументам уладальнікам (землекарыстальнікам) гэтых аб’ектаў з’яўляецца Сялюцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, які адпаведна праграме ў 2012-2015 гадах павінен быў займацца добраўпарадкаваннем археалагічнага помніка.


З добраўпарадкавання можна адзначыць толькі новую ахоўную дошку, якая паведамляе, што нанясенне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці караецца законам. Дошка, праўда, размешчана з адваротнага ад дарогі боку пагорка і хаваецца ў зарасніках бэзу і баршчавіка. Без дапамогі вяскоўцаў яе знайці б не ўдалося. Жыхары Сялютаў паведамілі, што дошку ўсталявалі вясной і прыкладна тады ж пачаліся земляныя працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі