Падаткавікі сабралі з "дармаедаў" 1 млн 314 тысяч рублёў
На пачатак лістапада беларусы, якія трапілі ў лік "дармаедаў", заплацілі дзяржаве 1 мільён 314,1 тысячы "новых" рублёў. Такую лічбу парталу tut.by назвалі ў Міністэрстве па падатках і зборах. У гэтую статыстыку ўвайшлі і тыя грошы, якія да 1 ліпеня ўнеслі "добраахвотныя" дармаеды.
Дарэчы, раней паведамлялася, што ўносы "добраахвотнікаў", заплочаныя да 1 ліпеня, склалі каля 1 млн рублёў. Гэта значыць, што астатнія "дармаеды" заплацілі дзяржаве каля 300 тысяч рублёў.
Падатак за "няўдзел у фінансаванні дзяржфінансавання" трэба заплаціць да 15 лістапада ўключна. Праўда, ёсць палёгка для тых, хто атрымае паведамленне напярэдадні або пасля гэтай даты: ім на выплату падатку даецца 30 каляндарных дзён.
Раней паведамлялася, што падаткавікі накіравалі жыхарам Беларусі 50 тысяч паведамленняў на выплату падатку. Праўда, не ўсе атрымальнікі "лістоў шчасця" могуць быць плацельшчыкамі падатку: некаторыя з іх могуць быць вызваленыя ў адпаведнасці з законам.