Падрадчыкі санкцыйнай Dana Holdings пазбаўленыя атэстатаў. Хто дабудуе кватэры?
"Маяк Мінска" / Еўрарадыё
Генпадрадчыкі забудоўшчыка "Дана Астра" (Dana Holdings), які трапіў пад санкцыі ЗША з прычыны супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі, засталіся без атэстатаў адпаведнасці, якія дазваляюць займацца будаўнічай дзейнасцю.
Кампаніі "Аслябя", "ВікторыяГарантБуд", "ЯРКІДА" і буйны падрадчык "Арэса-сэрвіс-буд" пазбаўленыя атэстатаў Міністэрствам будаўніцтва і архітэктуры 13 жніўня.
Чаму спынена дзеянне дазвольных дакументаў, у "Арэса-сэрвіс-буд" не ведаюць.
— Гэта не да нас пытанні. Самі не ведаем, што гэта здарылася, — кажуць Еўрарадыё ў будаўнічай кампаніі. Дык што, будаўніцтва аб'ектаў цяпер прыпынена?
— Мы пакуль нічога не атрымлівалі, ніякіх забаронаў, ніякіх папер. Мы не ў курсе пакуль што.
Еўрарадыё: Гэта значыць, будаўніцтва на аб'ектах цяпер працягваецца, мы правільна разумеем?
Прадстаўнік "Арэса-сэрвіс-буд": Правільна разумееце.
На наша пытанне, хто мог бы растлумачыць сітуацыю больш дэталёва, у кампаніі нам параілі пагутарыць з міністрам будаўніцтва. У прэс-службе Мінбуда нам ніхто не адказаў, таму Еўрарадыё патэлефанавала ў "Белбудцэнтр", на сайце якога была апублікавана аб'ява аб спыненні дзеяння атэстатаў.
— Была атэстацыя, яны не пацвердзілі адпаведнасць кваліфікацыйным патрабаванням, — адказваюць Еўрарадыё ў "Белбудцэнтры". — Хтосьці атрымлівае атэстаты за месяц, хтосьці за паўгода, тут цяжка сказаць, калі атрымаюць зноў.
Спецыяліст таксама дадае, што да атрымання дазвольных дакументаў займацца будаўніцтвам такія арганізацыі не могуць.
Чым страта генпадрадчыкаў пагражае дольшчыкам Dana Holdings, якія ўклалі грошы ў будаўніцтва і з нецярпеннем чакаюць запаветных кватэр?
— Альбо адновяць атэстаты, альбо будуць шукаць новых падрадчыкаў, — каментуе Еўрарадыё кіраўнічы дырэктар міжнароднай кансалтынгавай кампаніі. — А новыя падрадчыкі — гэта, вядома, [павялічаныя. — Еўрарадыё] тэрміны. Таксама могуць паўстаць складанасці пры перадачы аб'ектаў, звязаныя з дакументацыяй, з рэальным ходам выканання работ. Могуць паўстаць пытанні па камерцыі, па каштарысе. Гэта не смяротна, але могуць быць прабуксоўкі.
Калі гэта былі генпадрадчыкі, то яны рабілі каштарыс, праект і іншае. Зыходзячы з гэтага фармавалася цана кватэр. Пры змене падрадчыка магчыма, што цана зменіцца.
"Арэса-сэрвіс-буд" на рынку будаўніцтва ўжо 20 гадоў. З чаго раптам яны не прайшлі атэстацыю? Праз санкцыі ЗША, якія павіслі на "Дане Холдынгз"?
— Гэта наўрад, — лічыць аналітык. — Магчыма, гэта неяк звязана з перадзелам будаўнічага рынку. "Арэса" — сур'ёзная кампанія, і я, шчыра кажучы, не разумею, як можна ў яе забраць атэстат. Але вось забралі. А ў нас жа ёсць дзяржзабудоўшчыкі, і, можа быць, ідэя ў тым, каб іх прасунуць?
Дзяржзабудоўшчыкаў шмат, яны з ліцэнзіямі, працуюць у Мінску і ў рэгіёнах. Зразумела, што часцяком яны неканкурэнтаздольныя, можа быць, па якасці, па цэнах. Гэта больш лагічна.
Еўрарадыё адправіла запыт у Dana Holdings з просьбай растлумачыць сітуацыю. Як толькі мы атрымаем адказ, то адразу яго апублікуем.
Асноўнымі ўладальнікамі Dana Holdings з'яўляюцца сербскія бізнесмены Багалюб і Драгамір Карычы. "Дана" і шэраг іншых кампаній, такіх як тытунёвая фабрыка "Нёман", "Белнафтагаз", "Беларуськалій", трапілі пад санкцыі ЗША 9 жніўня. Актывы і маёмасць фізічных і юрыдычных асоб, якія трапілі ў санкцыйны спіс, заблакаваныя на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Грамадзянам ЗША з такімі кампаніямі забаронена праводзіць любыя фінансавыя аперацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.