Паказалі "120-гадовую" беларуску, якая галасавала на "выбарах"

Марыя Канановіч / minsknews.by
Паказалі "120-гадовую беларуску", пра якую нядаўна гаварыў старшыня ЦВК Ігар Карпенка. Паводле яго слоў, яна была найстарэйшай жыхаркай нашай краіны, якая галасавала нядаўна на "выбарах".
Марыя Канановіч жыве ў вёсцы Лістапады Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Як піша minsknews.by, у яе пашпарце датай нараджэння пазначана 27 траўня 1904 года. Але гэта памылка, якая перайшла з яшчэ савецкіх дакументаў.
“Яна пражывала на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пасля ўз'яднання — у 1939 годзе, калі гэта тэрыторыя ўвайшла ў склад СССР, мясцовыя чыноўнікі запісвалі ўзрост са слоў грамадзян, бо адпаведных дакументаў не было, — кажа намеснік старшыні Валожынскага выканкама Ігар Шакун. — Шмат хто прыпісваў сабе лішнія гады, бо гэта ўплывала на тэрмін выхаду на пенсію. Хутчэй за ўсё, не стала выключэннем і наша гераіня".
Дарэчы, на помніку, які Канановіч замовіла свайму памерламу сыну, яна ўпісала і свой год нараджэння — 1924-ы (а не 1904 год). Чыноўнікі кажуць, што "ўсяляк дапамагаюць гэтай жанчыне, ёй прызначаны сацыяльны работнік, які рэгулярна прыязджае ў вёску". Бабуля прызнаецца, што мерзне. Печ у яе хаце распальвае нейкі "добры чалавек".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.