Палітвязня Вадзіма Гурмана перавялі ў штрафны ізалятар на 50 сутак
Палітвязня Вадзіма Гурмана перавялі ў штрафны ізалятар на 50 сутак, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Праваабаронцы кажуць пра маральны і фізічны ціск на хлопца. Ёсць звесткі, што яго збіваюць і прымушаюць маршыраваць 5-6 гадзін у дзень па БЧБ-сцягу пад песню "Красная Армия всех сильней".
У калоніі ў Вадзіма абвастрыліся праблемы са зрокам. У яго неаперабельная атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй: адно вока бачыць на 12%, другое — на 23%. Кожныя чатыры месяцы ён павмнен праходзіць абследаванне, інакш яму прагназавалі поўную слепату да 30 гадоў.
Да таго ж, Гурман баксёр, і ў яго было адпластаване сятчаткі вока.
У чэрвені ў Вадзіма і яго дваццацігадовай дзяўчыны Віялеты нарадзіліся двайняты — хлопчык Давід і дзяўчынка Ева.
Вадзіма Гурмана асудзілі на 3 гады і 6месяцаў калоніі агульнага рэжыму. У абвінавачанні гаварылася, што 9 жніўня ён актыўна ўдзельнічаў у "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Затрымалі хлопца 11 жніўня. На судзе ён распавёў, што амапаўцы пры затрыманні іх моцна збілі і залілі газам твар. Потым іх білі ў двары РУУС. Па словах Гурмана, яму пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны, аднак спыніліся па камандзе кагосьці з кіраўніцтва РАУС.
Падтрымаць палітвязня можна па адрасе: ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Вадзіму Сяргеевічу Гурману.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.