Палітзняволеную Паліну Шарэнду этапавалі ў калонію для рэцыдывістак
Паліна Шарэнда-Панасюк / фота з сацсетак
Сям'я палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк нарэшце даведалася, куды этапавалі Паліну. Каля месяца родныя не ведалі, дзе яна знаходзіцца.
Паліна "знайшлася ў жаночай папраўчай калоніі № 24 (Зарэчча)", напісаў у Фйсбук яе муж Андрэй Шарэнда. Паводле яго слоў, за гэты перыяд Паліна 20 сутак правёў у ШЫЗА.
ПК-24 — гэта калонія для жанчын рэцыдывістак, якія паўторна здзейснілі цяжкае злачынства, падкрэслівае Андрэй. Там вельмі жорсткія ўмовы ўтрымання. Акрамя таго, у гэтай калоніі дрэнныя санітарныя ўмовы.
"Усе, хто там быў кажуць, што мэта гэтай установы менавіта псіхалагічна зламаць чалавека і зрабіць з яго раба. Умовы і парадкі там блізкія да савецкага ГУЛАГУ", — піша Андрэй.
Але ён упэўнены, што Паліна вытрымае. Адзіна, просіць падтрымаць яе лістамі па адрасе: ПК № 24, 247526, вул.Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Шарэнда-Панасюк Паліне Сяргееўне.
Нагадаем, грамадскую актывістку з Брэста Паліну Шарэнду затрымалі ў студзені 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, канфіскавалі шэраг рэчаў, а Паліну затрымалі. Ёй прад'явілі абвінавачанне па трох артыкулах: гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК РБ), абраза прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Суд прызнаў яе вінаватай па ўсіх трох артыкулах і прызначыў пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі. Гэта было каля года таму — у чэрвені 2021 года. Сваёй віны Паліна не прызнала. У красавіку 2022 года ёй вынеслі яшчэ адзін прысуд — за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы дадалі яшчэ год калоніі.
Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле, адзначаюць праваабаронцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.