Памёр Міхаіл Гарбачоў
30 жніўня ў Маскве на 92-м годзе жыцця памёр Міхаіл Гарбачоў. Ён пачаў "перабудову" ў СССР, быў першым і апошнім яго прэзідэнтам.
Гарбачоў — апошні генсек ЦК кампартыі Савецкага Саюза (1985 — 1991). Падчас яго кіравання краінай ў ёй адбыліся сур'ёзныя змены, была спроба яе рэфармавання. У СССР з'явіліся "галоснасць" і "свабода слова". Пры Міхаіле Гарбачове скончылася халодная вайна, знікла "жалезная заслона", аб'ядналася Германія, савецкія войскі выйшлі з Афганістана, Усходняя Еўропа нарэшце вызвалілася ад дыктата Масквы. Падчас яго кіравання здарыўся Чарнобыль.
Сыход у адстаўку Гарбачова адбыўся ў канцы 1991-га пасля падпісання гістарычных пагадненняў у Віскулях. Тады былыя савецкія рэспублікі, а сярод іх і Беларусь, сталі незалежнымі дзяржавамі.
Адны яго за гэта ўсё паважаюць, іншыя ненавідзяць.
Людзі ў сённяшняй Расіі таксама хочуць пераменаў, быў перакананы Гарбачоў. А аднаўленне СССР у тым ці іншым выглядзе ён лічыў непатрэбным.
У 2014 годзе пасля акупацыі Крыма Расіяй Міхаіл Гарбачоў каментаваў для Еўрарадыё гэтую падзею. Ён лічыў, што далучэнне Крыма да Расіі — "гэта нармальна", а вось далучэнне Беларусі — непрымальна. У іншай гутарцы з Еўрарадыё Міхаіл Гарбачоў сказаў, што для Аляксандра Лукашэнкі падышла б пасада члена палітбюро.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.