Першы і апошні: Міхаілу Гарбачову — 90
Міхаіл Гарбачоў / Reuters
Адзінаму прэзідэнту СССР Міхаілу Гарбачову ў аўторак, 2 сакавіка, спаўняецца 90 гадоў. З яго імем звязаная рэформа савецкай сістэмы, перабудова і галоснасць, якія ў выніку прывялі да развалу Савецкага Саюза і з'яўлення новых дзяржаў. За Гарбачовым завяршылася халодная вайна і ўпала жалезная заслона.
У інтэрв'ю агенцтву ТАСС напярэдадні юбілею Міхаіл Гарбачоў прызнаўся, што галоўнай справай свайго жыцця лічыць "перабудову і ўсё, што з ёй звязанае".
"Я глыбока перакананы, што перабудова была неабходная і што мы вялі яе ў правільным кірунку. Галоўнае, чаго мы дасягнулі ўнутры краіны, — людзі здабылі свабоду, скончылі з таталітарнай сістэмай", — сказаў Міхаіл Сяргеевіч.
На пытанне пра магчымыя памылкі ён сказаў, што сваіх рашэнняў у прынцыповых пытаннях не памяняў бы і цяпер. Хоць у палітыцы, вядома, былі прамашкі.
"Мяне, я ведаю, крытыкуюць за "даверлівасць". Але калі б я не давяраў людзям, народу, то перабудова наогул не пачалася б. Лаюць мяне і за галоснасць. Але без галоснасці нічога ў краіне не змянілася б", — кажа ён.
Людзі ў сённяшняй Расіі таксама хочуць пераменаў, перакананы Гарбачоў. А аднаўленне СССР у тым ці іншым выглядзе лічыць непатрэбным.
"Цяпер ужо амаль 30 гадоў існуюць незалежныя дзяржавы. Існуе Еўразійскі эканамічны саюз, Арганізацыя Дамовы калектыўнай бяспекі. Вось гэтыя арганізацыі трэба ўмацоўваць. І зрабіць усё, каб аднавіць адносіны з тымі рэспублікамі, з якімі ў нас цяпер разлад", — кажа ён.
У 2014 годзе, у разгар украінскага крызісу і падпісання Пагаднення аб далучэнні Крыма да Расіі, Гарбачоў каментаваў для Еўрарадыё гэтыя падзеі. Ён казаў, што далучэнне Крыма да Расіі — гэта нармальна, а вось далучэнне Беларусі — непрымальна.
Гэтай восенню ён таксама каментаваў і беларускія падзеі — прызнаўся, што ўважліва сочыць за тым, што адбываецца ў краіне, і выказаў падтрымку людзям. Гарбачоў сказаў, што беларусы малайцы і "цяпер ужо яны характар маюць, гэта вельмі добра".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.