Памёр паэт-эксперыментатар і перакладчык Алесь Разанаў

Алесь Разанаў / svaboda.org
Алесь Разанаў / svaboda.org

Памёр вядомы беларускі паэт і перакладчык Алесь Разанаў. Гэта пацвердзіла Еўрарадыё літаратуразнаўца крытык Ганна Кісліцына.

Разанаву было 73 гады. Апошнім часам ён жыў у Германіі, нават пісаў на нямецкай мове. Еўрарадыё расказвала, як у 2013 годзе ён прывозіў у Брэст двухмоўную кнігу "Гліна. Камень. Жалеза"\"Lehm. Stein. Eisen".

Ён шмат перакладаў і на беларускую — з літоўскай, латышскай, грузінскай, чэшскай, англійскай. У прыватнасці, Разанаў пераклаў на беларускую камедыю Шэкспіра "Сон у летнюю ноч".

Ягоная ўласная паэзія адрозніваецца цягай да эксперыментаў. Беларускі літаратурны крытык Анатоль Сідарэвіч называў Разанава "жанратворцам".

"Жанратворчасць" Алеся Разанава я б назваў адказам на ім жа пастаўленае пытанне ў прысвечанай Францішку Багушэвічу паэме: "Навошта я, калі не магу па-свойму?". У выпадку Багушэвіча "па-свойму" — найперш па-беларуску, у выпадку Разанава "па-свойму" — гэта "пераўзысці зацверджаныя межы і ўяўленні", — пісаў Сідарэвіч у "Нашай Ніве".

І яшчэ адзін цікавы факт з біяграфіі Алеся Разанава. У 1969 годзе яго выключылі з універсітэта за тое, што ён арганізаваў збор подпісаў з патрабаваннем аднавіць у БДУ навучанне на беларускай мове. Яго выратавалі тады Максім Танк і рэктар Брэсцкага педінстытута Сяргей Гусак. Менавітую гэтую ВНУ Разанаў у выніку і скончыў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі