Памёр вядомы беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі
Ігар Жалязоўскі / svaboda.org
Не стала Ігара Жалязоўскага. Яму было 58 гадоў.
Пра смерць канькабежца паведамляе ТАСС са спасылкай на выканаўчага дырэктара Саюза канькабежцаў Расіі Варвару Барышаву. "Жалязоўскі памёр сёння раніцай", — кажа яна.
Па звестках Еўрарадыё, славуты беларускі спартовец памёр увечары 11 чэрвеня. Менавіта такая дата будзе стаяць у даведцы аб смерці Жалязоўскага.
Жалязоўскі нарадзіўся ў Оршы. У 80-90-я гады ХХ стагоддзя лічыўся адным з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтараў. Шэсць разоў выйграваў чэмпіянаты свету, пры гэтым на Алімпіядах яму не вельмі шанцавала. У яго актыве толькі срэбра Алімпіяды ў Лілехамеры ў 1994 годзе і бронза гульняў у Калгары-1988.
Пасля завяршэння спартыўнай кар'еры Жалязоўскі ўзначальваў Беларускі саюз канькабежцаў (да 2005 года), быў прэзідэнтам Паралімпійскага камітэта Беларусі (да 2001-га). Апошнія гады жыў у Расіі і займаўся бізнэсам. Мінулым летам каментаваў перадвыбарчую кампанію ў Беларусі — разгон мірных акцый пратэсту і затрыманні людзей.
"Мабыць, [Лукашэнка]... спалохаўся, што рэальна ніхто не прагаласуе, таму што да гэтага ўсё ішло. Плюс пастарэў, адстаў ў тэхналогіях ", — казаў у ліпені 2020 года славуты спартсмен.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.