Параненая настаўніца: Я не ведала, што бацькі скардзіліся на мяне дырэктару

Параненая настаўніца: Я не ведала, што бацькі скардзіліся на мяне дырэктару

Валянціна Губарэвіч, настаўніца рускай мовы, якая пацярпела ад нападзення гімназіста, знаходзіцца ў лякарні, пакуль не зажываюць дзве раны. У інтэрв'ю "Народнай Волі" яна распавядае, што перанесла сур'ёзную аперацыю, якая цягнулася 2,5 гадзіны, і пасля якой яна тры дні знаходзілася ў рэанімацыі.


"Я не памятаю [колькі часу прайшло з моманту здарэння да прыезду хуткай], хоць і была ўвесь гэты час у свядомасці, — прыгадвае жанчына. — Але час для мяне спыніўся. Паспела толькі патэлефанаваць дачцэ, Даша ў складаныя хвіліны хутка разумее, што трэба рабіць. Яна тэрмінова звязалася з сацыяльным педагогам гімназіі, прыбеглі калегі... Памятаю толькі, што я ўвесь час паўтарала адну і тую ж фразу: "У мяне тата, мне нельга паміраць... Мне нельга паміраць... Мне нельга паміраць... У мяне брат трагічна загінуў у 12-гадовым узросце (мне тады было 14). Бавіўся, падрываў карбід ў бутэльцы, і аскепкам шкла яму перарэзала сонную артэрыю. Смерць брата змяніла ўсё наша жыццё. Змяніла маё ўспрыманне свету, таму што я бачыла, як пакутавалі бацькі. Гэта цяжка перадаць словамі... Год таму памерла мама. І калі б яшчэ са мной нешта здарылася, тата гэтага не перажыў бы".


Па словах настаўніцы, яна скончыла філфак БДУ, у 74 гімназіі працуе 12 гадоў. Праз два гады пасля прыходу ў навучальную ўстанову яе вучні ўжо ўдзельнічалі ў міжнародных алімпіядах, у тым ліку дзякуючы патрабавальнасці:


"... таму, што я хачу даць вучням веды. І да алімпіяднікаў, як ужо казала, прад'яўляла асаблівыя патрабаванні. Паверце, гэта тыя дзеці, якім не пазайздросціш. Таму што яны павінны былі ведаць усё, пра што б я ні пыталася..."


Пра тое, што бацькі гімназістаў скардзіліся на настаўніцу дырэктару, пісалі скаргі, Валянціна Губарэвіч была не ў курсе:


"Я вам шчыра скажу, нічога пра гэта нават не ведала. Таму што былі бацькоўскія сходы, і мяне туды ніхто не запрашаў. І потым, я з той катэгорыі настаўнікаў, якія, калі ў іх праблемы з вучнямі, запрашаюць бацькоў на размову... Паўтаруся, цяпер пра мяне чаго толькі не пішуць і не кажуць".


Валянціна Уладзіміраўна пакуль не ведае, ці выйдзе на працу, хоць псіхолаг, які з ёй працуе, перакананы, што гэта трэба зрабіць, каб даказаць, што яна можа працаваць. Такой жа думкі прытрымліваюцца дочкі, супраць толькі муж. Па словах настаўніцы, яна не злуецца на вучня, які напаў на яе, аднак мяркуе, што бацькі мусяць бачыць у настаўніках паплечнікаў, тады і канфліктныя сітуацыі можна будзе вырашаць спакойна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі