Парашэнка: Еду ў Мінск, каб неадкладна спыніць агонь (відэа)
Прэзідэнт Украіны заяўляе, што будзе патрабаваць міру без якіхсьці ўмоваў.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка напярэдадні візіту ў Мінск на саміт у “нармандскім фармаце” заявіў, што ўкраінскі бок будзе патрабаваць міру без якіхсьці ўмоваў. Пра гэта ён заявіў 10 лютага ў часе экстранай паездкі ў Краматорск, абстраляны напярэдадні сепаратыстамі.
“Мы патрабуем спыніць агонь, вывесці замежныя войскі, закрыць мяжу. Ім няма чаго тут рабіць. У нас тут ніякага канфлікту. Мы знойдзем кампраміс унутры краіны. Мы павінны абараніць мір, абараніць спакой горада Краматорска, павінны абараніць Украіну. І менавіта таму я еду ў Мінск, каб неадкладна, безумоўна, без якіхсьці спыніць агонь і пачаць палітычны діялог. Мы самі разбярэмся”, — цытуе Парашэнку сайт прэзідэнта Украіны.
Украінскі лідар абяцае падаць доказы выкарыстання ў Краматорску сепаратыстамі касетных боепрыпасаў і на саміце ў Мінску, і ў Савеце Еўрапейскага Саюза.
Краматорск быў абстраляны раніцай 10 лютага — пад абстрэл трапілі жылыя кварталы і галоўны штаб АТА. Усяго пацярпела 64 чалавекі, у тым ліку 35 цывільных. 16 чалавек загінула, 10 цяжка параненыя. Колькасць пашкоджаных абстрэламі дамоў дасягае 41.
Учора ў Мінску прайшло паседжанне трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР". У беларускую сталіцу прыляцелі: экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, спецыяльны прадстаўнік па гуманітарных пытаннях, кіраўнік грамадскай арганізацыі "Украінскі выбар" Віктар Медвядчук, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, спецпрадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, прадстаўнікі самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйнега. Мерапрыемства прайшло ў комплексе "Дыпсэрвіс Хол" у Вайсковым завулку.
На паседжанні была ўзгодненая схема адводу цяжкага ўзбраення, прадстаўнікі сепаратыстаў падалі свой праект пратаколу сустрэчы. Абмяркоўвалася дзяржаўная пабудова Данбаса і правядзенне там мясцовых выбараў. Як заявіў прадстаўнік “ДНР” Дзяніс Пушылін, казаць пра спыненне агню пакуль рана.
Сёння ж у беларускай сталіцы пройдзе сустрэча ў "нармандскім фармаце". Сітуацыю на Данбасе будуць абмяркоўваць канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.
Як сусветныя лідары ішлі да перамоваў у Мінску (хроніка падзей)