Парламент Брытаніі прагаласаваў супраць ваеннай аперацыі ў Сірыі
Ваенная аперацыя ў Сірыі мусіла прадухіліць далейшае выкарыстанне хімічнай зброі ў гэтай краіне.
Пасля гарачых спрэчак у палаце абшчын брытанскага парламента прапанаваны ўрадам дакумент падтрымалі 272 парламентары. Супраць прагаласавалі 285 дэпутатаў. Гэтае рашэнне робіць немагчымым удзел брытанскіх войскаў у любой аперацыі пад кіраўніцтвам сіл ЗША супраць рэжыму Башара Асада.
Прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран заявіў, што брытанскі парламент выступае супраць ваенных дзеянняў у Сірыі, і паабяцаў "дзейнічаць адпаведна", перадае ВВС.
ЗША, аднак, далі зразумець, што па-ранейшаму гатовыя ваяваць у Сірыі і без удзелу Вялікабрытаніі. Аднак Вашынгтон працягне кансультацыі з Лонданам, які застаецца "адным з найбліжэйшых саюзнікаў і сяброў" Вашынгтона. На думку Абамы, у сірыйскім канфлікце закранутыя інтарэсы ЗША, і краіны, якія парушаюць міжнародныя нормы выкарыстання хімічнай зброі, павінны за гэта адказаць.
Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун чакае, што інспектары пададуць яму даклад па Сірыі ў суботу.
Фота — wikipedia.org