Парламент Даніі прыняў закон, які ў ААН назвалі ксенафобскім
У аўторак, 26 студзеня, парламент Даніі прыняў скандальную рэформу, паводле якой мігранты, якія прыбылі ў каралеўства і просяць прытулку, мусяць здаваць грошы і каштоўныя рэчы цаной вышэй за 1340 еўра. На гэтыя сродкі плануецца іх утрымліваць. У вярхоўным камісарыяце ААН ужо назвалі гэтае рашэнне законам, што падсілкоўвае ксенафобію.
Новыя правілы таксама прадугледжваюць, што ўцекачы могуць падаць заяву на ўз’яднанне з сям’ёй толькі праз тры гады, пры гэтым апрацоўка запыту можа заняць некалькі гадоў. Акрамя таго, будзе скарочаны тэрмін дзеяння дазволу на знаходжанне. Прадстаўнік ураду краіны Маркус Кнут так тлумачыць прычыны ўвядзення новага закона:
“Мы толькі хочам, каб асобы, якія шукаюць прытулку, у тых рэдкіх выпадках, калі ў іх ёсць чым заплаціць за сябе, прытрымліваліся дакладна тых жа правілаў, якія дзейнічаюць для беспрацоўных дацкіх грамадзянаў. Напрыклад, калі яны звяртаюцца па дапамогу па беспрацоўі. Калі вы можаце заплаціць за сябе, то вы павінныя гэта зрабіць да таго, як будзе задзейнічаная дзяржаўная сацыяльная сістэма”, — цытуе словы палітыка Euronews.
Праваабаронцы крытыкуюць новыя меры і кажуць, што найгоршы аспект новай рэформы — узмацненне жорсткасці правіл уз’яднання сем’яў.
Кажа кіраўнік Дацкага інстытута па правах чалавека Ёнас Крыстаферсан:
“З юрыдычнага пункту гледжання, найбольш праблемным пытаннем з’яўляецца абмежаванне права на ўз’яднанне сям’i. Яно будзе магчымым толькі праз 3 гады пражывання ў краіне. Цалкам зразумела, што гэта супярэчыць міжнароднаму праву, бо парушаюцца індывідуальныя правы чалавека на сямейнае жыццё”.
Некаторыя іншыя краіны Еўропы маюць падобнае заканадаўства. Швейцарыя, напрыклад, патрабуе ад асобаў, якія хочуць атрымаць прытулак, суму, вышэйшую за 1000 швейцарскіх франкаў.
Нямецкія ўлады пайшлі аналагічным шляхам. Чыноўнікі ў Баварыі і ў шэрагу паўднёвых зямель пачалі канфіскацыю ювелірных вырабаў і наяўных грошай у бежанцаў, якія прыязджаюць у краіну, каб тыя самі фінансавалі сваё знаходжанне.
У 2015 годзе ў Даніі была зарэгістраваная 21 тысяча тых, хто шукае прытулак. Для параўнання, у Швецыі гэты паказчык склаў 163 тысячы, а ў Германіі — 477 тысяч.