Пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам Віктар адразу стаў выдатнікам — Кавалеўскі
Віктар Лукашэнка / Svaboda.org
У студэнцкія гады Віктар Лукашэнка быў вельмі простым чалавекам, не адсвечваў і не стараўся кідацца ў вочы. Пра гэта расказаў прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі ў інтэрв'ю праграме "Ток". Кавалеўскі і старэйшы сын Лукашэнкі вучыліся ў адной групе на факультэце міжнародных адносін БДУ.
"Калі гэта сустрэча ў інтэрнаце, то гэта заўсёды вельмі проста, прыземлена, танна. Калі дастаюцца ўсе запасы, якія прывозяцца з вёскі (закаткі, бульба, тушонка). Ён у гэтым сэнсе вельмі сціплы чалавек. Тое, што бачыў я ў тыя гады, — ён паводзіў сябе вельмі сціпла", — успамінае Кавалеўскі. Паводле яго, яго збліжала з Лукашэнкам-малодшым паходжанне. Абодва прыехалі з вёскі і абодва адчувалі сябе ў горадзе па першым часе не вельмі ўпэўнена. А адрознівала іх тое, што Віктар ніколі не жыў у інтэрнаце.
"Ён заўсёды жыў са сваім бацькам. Калі Лукашэнка быў дэпутатам, ён жыў разам з ім у гатэлі. Пасля ён жыў з ім у рэзідэнцыі", — расказвае Валерый Кавалеўскі. Сяброўскіх зносін у іх з Віктарам не было, а калі ў 1994-м годзе Аляксандра Лукашэнку абралі прэзідэнтам, дыстанцыя павялічылася.
"Для мяне гэта стала не вельмі правільным — з ім тусавацца. Гэта магло быць успрынята, нібыта я шукаю нейкага падыходу да пэўных бенефітаў з яго боку", — кажа Кавалеўскі. Тады ж Віктар даволі хутка зрабіўся круглым выдатнікам. У яго з'явілася ахова. Пасля таго, як Кавалеўскі зрабіўся дыпламатам, яны сустракаліся з Віктарам Лукашэнкам у "калідорах улады“, працягвалі звяртацца на "ты". Што тычыцца ролі Віктара ў сістэме, то, на думку дыпламата, старэйшы сын Лукашэнкі таксама датычны да парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Хоць бы таму, што доўгі час быў памочнікам па нацыянальнай бяспецы пры сваім бацьку.
"Я разумею, што ён меў дачыненне да гэтых працэсаў. Дзесьці ён у гэтым удзельнічаў, можа, спрыяў. Можа, спрабаваў гэта змяніць. Але сучасная гісторыя Беларусі пры Лукашэнку такая, што сілавыя ведамствы адыгралі негатыўную ролю ў жыцці грамадства, было шмат парушэнняў закона, правоў чалавека. Беззаконне, якое ўтварылася ў 2020 годзе, — гэта таксама наступствы таго стылю кіравання, да якога датычны і Віктар Лукашэнка", — кажа Віктар Кавалеўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.