Пасля аварыі ў Барысаўскім раёне правяралі наяўнасць аміяку ў паветры
Праводзіліся "даследаванні атмасфернага паветра"
Пасля аварыі ў Барысаўскім раёне правяралі наяўнасць аміяку ў паветры. Супрацоўнікі Барысаўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сцвярджаюць, што "здароўю людзей нічога не пагражае". Яны бралі пробы атмасфернага паветра "ў трох пунктах на мяжы жылой забудовы".
"Аміяку ў атмасферным паветры не выяўлена, — кажа ў каментары "Мінскай праўдзе" галоўная лекарка Барысаўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ларыса Цішкевіч. — Вынікі даследаванняў атмасфернага паветра, адабранага ў зоне жылой забудовы па вуліцы Цэнтральная ў вёсцы Прыяміна, адпавядаюць патрабаванням гігіенічнага нарматыву... Так што небяспекі ніякай для людзей няма".
Надзвычайнае здарэнне адбылося ў вёсцы Прыяміна 12 лютага. На адкрытай пляцоўцы Барысаўскай аграпрамтэхнікі прарвала бочку з карбамідна-аміячнай сумессю, каля 10 тон сумесі выцекла. Ратавальнікі сцвярджалі, што перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі хімічна небяспечных рэчываў не зафіксавана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.