Пасля паражэння ад 16-гадовай чэшкі Азаранка сказала пра стрэс у асабістым жыцці
Пасля паражэння ў трэцім крузе турніру ў Маямі ад 16-гадовай чэшкі Лінды Фрухвіртавай з трэцяй сотні рэйтынгу Вікторыя Азаранка (16-я ракетка свету) вырашыла выгаварыцца. Той паядынак яна не змагла скончыць — адмовілася ад барацьбы ў другім сэце (2:6, 0:3).
"Мне не варта было выходзіць на корт сёння", — заявіла 32-гадовая беларуская тэнісістка. І дадала: "Апошнія некалькі тыдняў былі напоўнены стрэсам у маім асабістым жыцці". Нягледзячы на гэта, яна паспрабавала на турніры ў Маямі пераадолець гэтыя праблемы. І спачатку Вікторыі гэта ўдавалася. Але выхад на матч з прадстаўніцай Чэхіі яна назвала памылкай.
"Я вазьму паўзу і вярнуся на корт, — паабяцала Азаранка. — Я заўсёды гатовая біцца і пераадольваць цяжкасці, адказваць на выклікі, але цяпер гэта было занадта. Мне неабходна атрымаць ўрок з сітуацыі".
Нядаўна на тэнісным турніры ў Індыян-Уэлсе ў Вікторыі Азаранка здарыўся нервовы зрыў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.